Жанна Афонькіна: “Якое гэта шчасце — быць патрэбнай людзям!..”
“Якое гэта шчасце — быць патрэбнай людзям!..”. Такое выказванне неаднойчы даводзілася чуць падчас журналісцкай дзейнасці ад намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай часці райбальніцы Жанны Валянцінаўны Афонькінай, якая на працягу 25 гадоў працягвае сваю прафесійную дзейнасць на Кіраўшчыне. Яна нарадзілася ў в.Амховая Магілёўскага раёна, а наш цудоўны край лічыць сваёй другой радзімай, бо тут прайшлі яе дзяцінства і юнацтва, тут жывуць родныя ёй людзі, тут яна знайшла сваё прызванне.
Днямі Жанна Валянцінаўна адзначыла адметны юбілей з дня нараджэння. У сувязі з гэтай важнай падзеяй свае віншаванні і найлепшыя пажаданні паважанаму ўрачу тэрапеўту адраса-
валі многія пацыенты, калегі па рабоце, землякі.
Адразу хочацца падкрэсліць, што ў кар’еры Афонькінай не было нейкіх выпадковых узлётаў — кожная наступная прыступка абумоўлена папярэднім этапам жыцця: павышэннем прафесійнай падрыхтоўкі, набыццём вопыту і ўмення, пашырэннем эрудыцыі. Рост па службовай лесвіцы адбываўся дзякуючы дзелавым якасцям Жанны Валянцінаўны, яе камунікабельнасці, уменню знайсці агульную мову з любым субяседнікам: і радавым работнікам, і тым, хто стаяў рангам вышэй.
Нельга не нагадаць прафесіяналізм доктара. Яна імкнецца дакладна ўстанавіць прычыны хваробы чалавека, які прыйшоў за дапамогай, паставіць канчатковы дыягназ. Вядома, гэта складана. Таму і выходзіць урач Афонькіна за межы сваёй вузкай спецыялізацыі, каб дасягнуць большага: яна свабодна “чытае” кардыяграмы, каменціруе рэнтгенаўскія здымкі, ультрагукавыя даследаванні.
Разам з адміністрацыйнай работай Жанна Валянцінаўна вядзе некалькі палат у тэрапеўтычным аддзяленні райбальніцы. Як сама неаднойчы падкрэслівала ў нашай размове падчас сустрэчы, для яе практычная дзейнасць — жыццё, напоўненае любімай справай, вялікай колькасцю інфармацыі, укараненнем новага і перадавога, поспехамі ў лячэнні пацыентаў. Перачытвае мноства літаратуры, бо ведае, што памылак у рабоце ўрача не павінна быць: яму даверана не толькі здароўе чалавека, але і яго жыццё. Гэтую аксіёму Жанна Валянцінаўна засвоіла раз і назаўсёды, таму ў сваёй практыцы ніколі не спяшаецца з вывадамі ў дыягназах і назначэнні лячэння, пераправярае свае першапачатковыя вывады і заключэнні іншых урачоў.
А дабіцца выздараўлення хворага можна толькі пры ўмове яго бязмежнай веры ў таго, хто выратоўвае ад нядугу. І Афонькіна атрымлівае такі давер: пацыенты паважаюць свайго доктара перш за ўсё за майстэрства і незвычайную добразычлівасць, за тое, што ў кожным сваім наведвальніку яна бачыць асобу, якая мае патрэбу не толькі ў медыцынскай дапамозе, але і ў душэўнай падтрымцы. Хворы заўсёды чакае ад свайго лечачага ўрача цуда, таму ён абавязаны, нават у самых безнадзейных сітуацыях, здолець упэўніць пацыента ў тым, што яно абавязкова адбудзецца. У Жанны Валянцінаўны гэты дар асаблівы — не шматслоўем і эмоцыямі, а спакойнай размовай з кожным чалавекам, сваёй упэўненасцю яна ўсяляе надзею на лепшае.
Шмат добрых слоў у адрас Афонькінай даводзіцца чуць ад жыхароў раёна ў калідорах райбальніцы і паліклінікі:”Звярніцеся да Жанны Валянцінаўны, яна абавязкова дапаможа”, “Парайцеся з Афонькінай”, “Хоць і строгая, але ўрач ад Бога!” Такую ацэнку даюць людзі розных узростаў, дадаючы, што клятву Гіпакрата доктар Афонькіна выконвае дастойна. А клятву быць чалавекам не даюць. Ім становяцца… альбо не. Дзеля гэтага мы і жывем!
Таццяна БАРАДЗІНА.
________________________________
Канстанцін КАЎЦЭВІЧ, былы галоўны ўрач райбальніцы, зараз на заслужаным адпачынку:
— Добра памятаю той час, калі пасля заканчэння Віцебскага медыцынскага інстытута і аднагадовай інтэрнатуры ў бальніцы медсанчасці ВА “Бабруйскшына” Жанна Валянцінаўна прыйшла працаваць у Кіраўскую ЦРБ урачом-тэрапеўтам. З першых дзён зарэкамендавала сябе са станоўчага боку, праявіла прафесійныя і арганізатарскія здольнасці, смела прымала адпаведныя рашэнні па ўзнікаючых праблемах, дакладна планавала сваю работу. Усё гэта, а таксама яе станоўчыя чалавечыя рысы, такія як сумленнасць, паважлівасць і тактычнасць, уменне суперажываць, сталі падставай для прызначэння яе амаль праз паўтара года работы ў райбальніцы на пасаду намесніка галоўнага ўрача па медыка-сацыяльнай рэабілітацыі. Як кіраўнік калектыву, пастаянна ставіў маладога спецыяліста Афонькіну ў прыклад іншым. І заўсёды мог на яе разлічваць.
Уладзімір КАВАЛЕЎСКІ, намеснік начальніка па медыцынскай часці санаторыя імя К.П.Арлоўскага:
— У свой час мне пашчасціла працаваць разам з Ж.В.Афонькінай у адным калектыве, а зараз таксама цесна кантактуем па рабочых пытаннях. Прыемна, што калега цікавіцца нашымі справамі, пастаянна інфармуе аб прынятых рашэннях у галіне аховы здароўя на абласным і рэспубліканскім узроўнях. У любы час ёй можна патэлефанаваць і атрымаць неабходную кансультацыю. Гэта таленавіты ўрач, мае 1-ю кваліфікацыйную катэгорыю намесніка галоўнага ўрача, да таго ж, асоба неардынарная, аддадзеная сваёй справе, неабыякавая да людскіх праблем.
Галіна ПАРХАМОВІЧ, загадчык тэрапеўтычнага аддзялення райбальніцы:
— Жанна Валянцінаўна пастаянна павышае свой прафесійны ўзровень, прайшла вучобу ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, прымае актыўны ўдзел у абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных семінарах і канферэнцыях, мае важкі багаж ведаў і практычных навыкаў, ахвотна дзеліцца набытым вопытам з калегамі. Яе плённая дзейнасць адзначана многімі Ганаровымі граматамі, сярод якіх важнае месца займае Ганаровая грамата Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Мая калега ніколі не падвядзе, здольна спраўляцца з вялікім аб’ёмам работы, смела бярэ на сябе адказнасць і адстайвае свае погляды. Працаваць побач з такім чалавекам прыемна і надзейна. А яшчэ вельмі імпануе яе добразычлівасць, мяккасць характару і жаноцкая абаяльнасць, уважлівасць, з якой ставіцца да чужога болю і бяды.