На палявых работах у ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” актыўна працуе мясцовы авіяатрад
Набіраюць штодня абароты веснавыя палявыя работы ў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”. Работнікі шчыруюць на розных участках, чуецца гул разнастайнай тэхнікі.
Інструктар-экзаменатар Валерый Іваноў і камандзір экіпажа Аляксандр Краўцоў п
Аб’ёмы работ на палях рассветаўцам прадстаіць выканаць значныя. Неабходна падкарміць мінеральнымі ўгнаеннямі азімыя збожжавыя, падсеяць канюшыну, закрыць вільгаць у глебе, правесці ворыва і забаранаваць вялікія ўчасткі для сяўбы яравых культур, ды і сама сяўба яшчэ наперадзе.
Уся тэхніка ў “Рассвеце” была загадзя даведзена да ладу, што садзейнічае зараз бесперабойнаму вядзенню сельгасработ. Вялікую дапамогу наземным машынам і агрэгатам аказвае мясцовы авіяатрад. Крылаты памочнік АН-2 вось ужо некалькі дзён з самага ранку і да змяркання распраўляе крылы над мясцовымі абшарамі. Камандзір экіпажа Аляксандр Краўцоў і інструктар-экзаменатар Валерый Іваноў, калі спрыяе надвор’е, за светлавы дзень робяць ад 30 да 45 рабочых вылетаў. Зараз яны падкармліваюць выйшаўшыя з зімоўкі азімыя збожжавыя КАСам. Адзін рэйс доўжыцца нядоўга — ад 10 да 15 мінут, у залежнасці ад аддаленасці поля. За гэты прамежак часу самалёт далятае да ўчастка, злівае на азімыя 1300 кг дзеючага рэчыва і вяртаецца за чарговай запраўкай. Тут хутка самалётную ёмістасць пад тукі запраўляюць браты Сяргей і Аляксандр Лагойкі. У авіяатрадзе працуе таксама іх маці Галіна Сцяпанаўна, яна — сігнальшчыца, на полі арыентуе лётчыкаў, куды трэба ўносіць тукі. За тэхнічным станам самалёта ўважліва сочаць інжынер па авіяцыйным радыёэлектраабсталяванні Аляксандр Драгун, інжынер Уладзімір Няхаеў і авіятэхнік Мікалай Папкоў.
З пачатку палявой кампаніі авіяатрадаўцы падкармілі ўжо звыш за 700 га азімых. Гэта значна больш, чым яшчэ тры трактары з агрэгатамі для ўнясення тукаў разам узятыя, якія заняты на гэтым жа відзе работ.
Перад чарговым вылетам у поле
Загрузчык мінеральных угнаенняў Сяргей Лагойка
Загрузчык мінеральных угнаенняў Аляксандр Лагойка
Авіятэхнік Мікалай Папкоў
Расправіўшы крылы над абшарамі...
Сігнальшчыца Галіна Лагойка