Дзень Перамогі ўрачыста адзначылі ў Кіраўску (рэпартаж)

Дзень Перамогі ўрачыста адзначылі ў Кіраўску (рэпартаж)

Кіраўшчына ўрачыста адзначыла Дзень Перамогі, святое і дарагое для кожнага свята, якое аб’ядноўвае людзей пачуццём удзячнасці абаронцам Айчыны за мір, свабоду і незалежнасць.
Раніцай 9 Мая ў Кіраўску ля брацкай магілы воінаў і партызан, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, размешчанай па вул.Гагарына, сабраліся ветэраны вайны і працы, воіны-інтэрнацыяналісты, прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў, раённых структур грамадскіх аб’яднанняў, ганаровыя грамадзяне Кіраўскага раёна, жыхары горада і раёна, госці.
Трэба адзначыць, што была праведзена рэканструкцыя помніка брацкай магілы,
і ён набыў сучасны выгляд.

Адбыўся ўрачысты мітынг-рэквіем, прысвечаны 74-й гадавіне перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Да ветэранаў, усіх прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Аляксандр Бутараў і выказаў віншаванні з вялікім і свяшчэнным для ўсіх святам — Днём Перамогі, які з’яўляецца сімвалам нацыянальнай гордасці і славы нашага народа, адстаяўшага родную зямлю і вызваліўшага свет ад фашысцкай няволі.
Кіраўнік раёна падкрэсліў, што 2019 год адзначаны знамянальнай падзеяй — 75-й гадавінай вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За дзесяцігоддзі зямля залячыла свае раны, але для нашага народа, які прынёс на алтар барацьбы з фашызмам трэць сваіх суграмадзян, вайна ніколі не стане далёкім мінулым.
Аляксандр Бутараў спыніўся на прыкладах гераічнай барацьбы з ворагам, у тым ліку партызанскім руху ў Беларусі. Толькі на тэрыторыі Кіраўскага раёна дзейнічала 10 партызанскіх атрадаў, якія вялі актыўную дзейнасць па знішчэнні варожых гарнізонаў, мастоў, ліній сувязі, учынялі дыверсіі на чыгунках.
На беларускай зямлі разгарнулася адно з самых буйных у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны наступленняў Чырвонай Арміі — аперацыя “Баграціён”, якая адыграла вялікую ролю ў выгнанні захопнікаў з тэрыторыі Савецкага Саюза.
Агульнанародны подзвіг вырашыў зыход Другой сусветнай вайны. Але свабода і незалежнасць Радзімы былі заваяваны цаной вельмі значных страт, працягваў старшыня райвыканкама. За тры гады акупацыі ў нашым раёне былі поўнасцю разбураны прамысловыя прадпрыемствы, знішчана народная гаспадарка ка­лгасаў і саўгасаў, амаль напалову скараціліся пасяўныя плошчы. На кіраўскай зямлі гітлераўцы правялі дзясяткі карных аперацый супраць партызан і мірнага насельніцтва. Было знішчана 47 вёсак, спалена жывымі, павешана і расстраляна, падвергнута катаванням, вывезена ў нямецкі тыл, адпраўлена ў лагеры смерці амаль 22 тысячы чалавек…
У гады вайны кіраўчане праявілі свае лепшыя якасці — патрыятызм, самаадданасць, уменне не адступаць перад цяжкасцямі.
Мы ганарымся, што звання Героя Савецкага Саюза ўдастоены шасцёра нашых землякоў: К.П.Арлоўскі, А.І.Мельнікаў, А.М.Рабцэвіч, Ф.П.Нікіцін, Я.У.Дабравольскі, Р.А.Худалееў, больш тысячы ўзнагароджаны ордэнамі і баявымі медалямі.
“Сёння мы жывем у краіне, дзе галоўнымі здабыткамі з’яўляюцца мір, згода і парадак, — адзначыў далей Аляксандр Бутараў. — Клопат аб бяспецы нашай дзяржавы — гэта важнейшая задача не толькі прафесійнай арміі, але і кожнага грамадзяніна. Мы абавязаны зберагчы свабоду і незалежнасць, каб героі-вызваліцелі ганарыліся нашымі поспехамі як дастойным працягам сваіх заваёў”.
Сёння Кіраўшчына ўтрымлівае лідзіруючыя пазіцыі па многіх напрамках дзейнасці, папаўняючы гісторыю раёна дастойнымі працоўнымі дасягненнямі яго жыхароў.
Шчырыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас ветэранаў вайны за права жыць на свабоднай зямлі: “Мы схіляемся перад вашым подзвігам, высока цэнім ваш уклад у патрыя­тычнае выхаванне моладзі”.
Слова было прадастаўлена ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Васілю Антонавічу Буславу. Ён падкрэсліў, што 9 Мая — гэта святы дзень, калі мы аддаем даніну памяці загінуўшых у імя мірнай будучыні, ушаноўваем тых, хто змагаўся на франтах, у партызанскіх атрадах, каваў перамогу ў тыле. “Зараз мы жывем у шчаслівай краіне. Кіраўніцтва нашай дзяржавы праводзіць міралюбівую палітыку, клапоціцца пра ветэранаў. Галоўнае, каб над нашай зямлёй было мірнае неба”, — адзначыў В.А.Буслаў.
Да ўдзельнікаў мітынгу-рэквіему звярнулася васьмікласніца СШ №2 імя К.П.Арлоўскага Дар’я Ганчарова, якая запэўніла, што маладое пакаленне з павагай і гордасцю ставіцца да вялікай гісторыі нашага народа, шануе подзвіг салдат-пераможцаў. “Мы пранясем скрозь гады сваю пашану да паўшых воінаў, павагу да жывых. Мы будзем берагчы сваю Радзіму і садзейнічаць яе працвітанню. Няхай кожны дзень нашага мірнага жыцця дорыць усім шчасце, радасць і добрыя ўсмешкі!” — адзначыла Дар’я Ганчарова.
Школьнікі падарылі ветэранам яркія майскія кветкі.
Дзяўчынкі паднеслі да брацкай магілы лампадкі памяці, сімвалізуючыя непарыўную сувязь пакаленняў. Прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых мінутай маўчання. Да брацкай магілы былі ўскладзены вянкі і кветкі. Па традыцыі, першы кошык з кветкамі памяці — ад кіраўніцтва раёна: старшыні райвыканкама Аляксандра Бутарава і старшыні раённага Савета дэпутатаў Галіны Слабоднікавай.
У блакітнае неба дзеці выпусцілі белых галубоў — сімвалы міру на беларускай зямлі.
Адбылося святочнае шэсце па вул.Кірава, на чале якога былі воіны тэрміновай службы са Сцягам Перамогі. У эскорце аўтамабіляў ганаровыя месцы занялі ветэраны вайны і працы. Далей пад музыку духавога аркестра “Фанфары Кіраўска” крочылі прадстаўнікі раённай улады, сілавых структур раёна, грамадскіх аб’яднанняў, дэлегацыі працоўных калектываў.
Падчас шэсця прадстаўнікі раённай арганізацыі ГА “БРСМ”, падтрымлі­ваючы рэспубліканскую акцыю “Беларусь помнит”, неслі ў руках партрэты сваіх прадзедаў і прабабуль, якія прымалі ўдзел у Вялікай Айчыннай вайне, некаторыя загінулі ў жорсткіх баях.
Увазе ўдзельнікаў урачыстага шэсця на плошчы імя Кірава была прадстаўлена тэматычная тэатралізаваная пляцоўка “Незабыўныя старонкі ваеннага летапісу”, якая дала магчы­масць адчуць, наколькі гераічным быў подзвіг іх дзядоў і прадзедаў, ацаніць маштаб і трагедыю вайны. Сцэны, якія разгарнуліся перад вачыма прысутных, быццам дазволілі дакрануцца душой да святога подзвігу вялікага народа.
Першыя баі былі паказаны ў інсцэніроўцы “Брэсцкая крэпасць”, тое, як тыл забяспеч­ваў армію ўсім неабходным, гледачы ўбачылі на пляцоўцы “Усё для фронту, усё для Перамогі”, жахі, якія давялося перажыць мірным жыхарам, паказалі на пляцоўках “Блакада Ленінграда”, “Ніхто не забыты, нішто не забыта. Спаленыя вёскі”, “Канвеер смерці”. У парку размясціўся імправізаваны медсанбат, былі паказаны дзейнасць партызан, работа ваенных карэспандэнтаў, моманты аперацыі “Баграціён” і, нарэшце, святкаванне Вялікай Перамогі.

Каля Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі працавала “Палявая кухня”, дзе частавалі салдацкай кашай. А побач, у вайсковай палатцы, дзейнічаў франтавы кінатэатр “Перамога” пад адкрытым небам, у якім дэманстраваліся кадры дакументальнай хронікі і мастацкіх фільмаў аб Вялікай Айчыннай вайне.
У якасці акцёраў на тэатралізаваных пляцоўках былі задзейнічаны працаўнікі аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, па адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ААТ “ПМК-97 “Вадбуд”, ПМК-255, філіяла “Аўтапарк №14”, цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна, Мышкавіцкага СДК, ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, райспажыўтаварыства, сеткі бібліятэк раёна, РАНС, Кіраўскага ўчастка электрасувязі, вучні СШ №1 і СШ №2 імя К.П.Арлоўскага, навучэнцы Жыліцкага сельгас­каледжа і іншыя.
На імправізаванай сцэне каля будынка райвыканкама, дзе была размешчана фотаэкспазіцыя “Беларусь помнит”, адбыўся тэатралізаваны канцэрт “Славе — не меркнуть. Традициям — жить!”. Сцэны з гадоў ваеннага ліхалецця, увасобленыя самадзейнымі артыстамі раёна, трывожылі душу кожнага гледача, прымушалі нагадваць сваіх родных і блізкіх, якія не вярнуліся з той вайны, чые фотакарткі беражліва захоўваюцца ў кожнай сям’і.
Гучалі знаёмыя ўсім ваенныя песні, якія дапаўнялі пачуцці прысутных.
Жыццесцвярджальнымі былі нумары ў выкананні прадстаўнікоў маладога пакалення, нашчадкаў салдат Перамогі.
Паважаным ветэранам з віншаваннямі і шчырымі пажаданнямі былі паднесены падарункі і кветкі.
Хвалюючым стаў фінал праграмы, калі любімую ўсімі песню “Дзень Перамогі” спявала разам з удзельнікамі тэатралізаванага канцэрта ўся плошча. А ў неба ўзляцелі паветраныя шары як сімвал мірнага жыцця.
У гэты дзень ля Цэнтра вольнага часу працавалі маладзёжная святочная пляцоўка “Памяти павших героев” і дзіцячая “Спасибо деду за Победу!”.
На гарадскім стадыёне былі арганізаваны спартыўныя мерапрыемствы пад лозунгам “Равнение — на Победу!”.
Свята працягвалася на плошчы імя Кірава і ўвечары — святочным канцэртам “Салют Победы — в наших песнях и сердцах”, затым — святочнай дыскатэкай у Цэнтры вольнага часу.
Увесь дзень працавалі вынасны гандаль, дзіцячыя атракцыёны ў гарадскім парку.
Наталля ХАДАКОВА,
Юлія ЗАВІШАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.
Больш фота — на сайце www.kirovsk.by.

 

Фота Максіма МІКЕШЫНА і Аляксандра ХАХЛОВА.

Последние новости

Актуально

Беларусь – страна мира и согласия – тема единого дня информирования, который прошел в районе 19 декабря.

20 декабря 2024
Читать новость
Прямая линия

Прямая телефонная линия

20 декабря 2024
Читать новость
Актуально

Тематическая горячая линия

20 декабря 2024
Читать новость
Актуально

ВСТРЕЧАЙТЕ БУРНЫМИ АПЛОДИСМЕНТАМИ!КРУТЕЙШИЙ СОСТАВ ПЕРВОГО БЛОГЕРСКОГО РЕАЛИТИ-ШОУ БЕЛАРУСИ «ФАБРИКА БЛОГЕРОВ»!

20 декабря 2024
Читать новость
Актуально

Баталии юных интеллектуалов

20 декабря 2024
Читать новость
Профилактика и безопасность

Внимание профилактике

20 декабря 2024
Читать новость