А ў падарунак — халадзільнікі і не толькі… Працягваецца ўшанаванне лепшых жывёлаводаў Кіраўшчыны па выніках работы за І квартал 2019 года
Ушанаванне лепшых калектываў і прадстаўнікоў жывёлагадоўлі раёна ў межах акцыі “Наш жывёлавод” у розных намінацыях раённага спаборніцтва па выніках работы за І квартал бягучага года працягвалася на іншых аб’ектах.
Нядаўна лепшыя работнікі ферм “Цяса” і “Стаўпішчы” ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” і МТК “Дваранінавічы” КСУП “Чырвоны баец” прымалі віншаванні ад першага намесніка старшыні райвыканкама — начальніка райсельгасхарчу Аляксандра Сухадольскага, старшыні Магілёўскага абласнога аграпрамысловага саюза Аляксандра Багеля, яго намесніка — выканаўчага дырэктара Магілёўскага аграпрамысловага саюза Аляксандра Серакова, старшыні раённага аграпрамысловага саюза Івана Рыняка, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктара Ставера. У сваіх сельгасарганізацыях да іх далучыліся дырэктар КСУП “Чырвоны баец” Сяргей Лянкевіч і намеснік дырэктара “Рассвета” па ідэалагічнай рабоце Наталля Шапавалава.
Як мы паведамлялі раней, калектыў фермы “Цяса” прызнаны лепшым па дарошчванні маладняку
БРЖ ад 3 да 6 месяцаў. Калектыў МТФ “Стаўпішчы” паказаў значныя вынікі сярод ферм, дзе ажыццяўляецца даенне кароў ў малакаправод. Акрамя таго, лідарамі раённага спаборніцтва з’яўляюцца мясцовыя працаўнікі: аператары машыннага даення Алена Дзікарэвіч і Ірына Міхалап, а таксама жывёлаводы на дарошчванні маладняку БРЖ Алена Кучынская, Раіса Новікава і Святлана Пятруша.
Калектыў МТК “Дваранінавічы” прызнаны лепшым сярод калектываў ферм і комплексаў, абсталяваных даільнымі заламі. Мясцовыя жывёлаводы Наталля Навуменка і Мікалай Фарчанаў — лідары раённага спаборніцтва сярод працуючых на адкорме БРЖ.
Госці, якія завіталі да жывёлаводаў, шчыра павіншавалі іх з заслужанымі перамогамі, пажадалі і надалей трымаць высокую планку ў рабоце, дасягаць яшчэ больш значных працоўных рэзультатаў. А да віншаванняў былі дададзены каштоўныя падарункі ад раённага аграпрамысловага саюза і райкама прафсаюза работнікаў АПК для паляпшэння бытавых умоў на жывёлагадоўчых аб’ектах. Калектывы фермы “Цяса” і МТК “Дваранінавічы” атрымалі сертыфікаты на халадзільнікі, а работнікам МТФ “Стаўпішчы” быў уручаны вялікі набор посуду. Кожны з названых лідараў спаборніцтва быў узнагароджаны Падзячным пісьмом і каштоўным падарункам. А да чаяпіцця калектывы атрымалі торты.
Спаборніцтва працягваецца, і, адпаведна, будзе ўшанаванне лідараў. Нагадаем, што ў кожнай намінацыі калектывы і асобныя прадстаўнікі могуць атрымаць узнагароду толькі адзін раз на працягу аднаго года. Ёсць шанц вызначыцца і астатнім жывёлаводам. Каштоўныя падарункі,
як запэўніў Віктар Ставер, будуць і надалей, у тым ліку і халадзільнікі…
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.