Кожная хвіліна на ўліку ў хлебаробаў СГФ “Чыгірынка”

Кожная хвіліна на ўліку ў хлебаробаў СГФ “Чыгірынка”

Дырэктар сельгасфіліяла “Чыгірынка” Ігар Кузняцоў (другі справа) абмяркоўвае ход жніва з вадзіцелямі Андрэем Бабіцкім, Валерыем Замковым, Фёдарам Снытко, і Сяргеем Ядчанкам

Прагрэс не стаіць на месцы. У тым ліку і ў сельскай гаспадарцы. Сёння аграрыі атрымліваюць ураджаі, пра якія пару-тройку дзясяткаў можна было толькі марыць. Гэта вынік дасягненняў перадавых тэхналогій вырошчвання культур, прымянення новых гатункаў раслін, мінеральных угнаенняў, сродкаў абароны раслін, выкарыстання высокапрадукцыйнай тэхнікі. Але колькі б навука ні ішла наперад, прыродны фактар, як і ва ўсе часы, аказвае істотны ўплыў на сельгаспрацэсы. Дажджы, да прыкладу, безумоўна, вельмі патрэбны раслінам. Але калі іх шмат і ідуць яны часта, то ствараюць перашкоду ўборачнай кампаніі. Менавіта ў такіх умовах праходзіць сёлета жніво. Прынамсі, пакуль што…

Літаральна кожная хвіліна на ўліку ў хлебаробаў СГФ “Чыгірынка” РУП “Беларуснафта-Магілёўаблнафтапрадукт”. Кожны дзень праходзіць з перыядычнымі позіркамі на неба і вывучэннем прагноза надвор’я. Заўчора, да прыкладу, на хлебнае поле вывесці камбайны было праблематычна, бо амаль увесь дзень выдаўся даждлівым. Затое ў мінулы панядзелак было суха і сонечна, і гэта чыгірынцы пастараліся выкарыстаць з максімальнай аддачай.

Экіпаж збожжаўборачнага камбайна ў саставе Сяргея Брэндзікава і Сяргея Сураўца

На полі за Падсёламі, дзе мы пабывалі ўчора, разгарнуліся асноўныя жніўныя дзеянні. Чатыры камбайны “разразалі” жаткамі жытнёвы дыван. На ўскрайку дзяжурылі вадзіцелі, гатовыя на МАЗах з прычэпамі апусташыць бункеры збожжаўборачных машын, МАЗ-запраўшчык, каб хутка заліць паліва ў бакі камбайнаў і пазбавіць машыны ад прастояў. Тут жа ў полі мы сустрэлі і дырэктара сельгасфіліяла Ігара Кузняцова, які асабіста кантраляваў ход уборкі.

— Звярніце ўвагу на кантраст, які сам кідаецца ў вочы, — прапанаваў карэспандэнту кіраўнік гаспадаркі. — На адным полі мы размясцілі два розныя гатункі злакавых. Вось звычайнае жыта, якое мы сеялі і раней. Пасля ўсіх праведзеных тэхналагічных мерапрыемстваў участак дае па 30 ц/га. Гэта даволі добры намалот, калі ўлічыць мясцовыя пясчаныя землі. А вось побач мы пасеялі гібрыд жыта, які набылі летась у Мінску. Каласы — удвая таўсцейшыя і больш налітыя. Нядзіўна, што і на круг з гэтага ўчастка выходзіць ажно па 60 цэнтнераў. Эксперымент сябе апраўдаў спаўна і накіраваў нас на тое, што ў далейшым будзем рабіць стаўку на падобныя гібрыды. Частку насення закладзем з вырашчанага сёлета зерня і будзем закупляць яшчэ. Гэта павінна значна павысіць ураджай збожжавых.

Усяго чыгірынцам патрэбна ўбраць з 500 га жыта і з 300 га — трыцікале. Яравых збожжавых на палях сельгасфіліяла не сеялі, увесну вызначаныя ўчасткі засеялі травамі, значныя плошчы заняты кукурузай, на якую робяць асаблівую стаўку ў плане корманырыхтоўкі. Аднак з гэтымі культурамі праца яшчэ наперадзе, а зараз галоўныя сілы кінуты на жніво.

Шэсць экіпажаў камбайнаў абмалочваюць збожжавыя палеткі. У ліку лепшых — Сяргей Фірагін, які працуе ў пары з сынам Юрыем, Леанід і Сяргей Іванчыкавы, Сяргей Брэндзікаў з Сяргеем Сураўцом. Хутка перавозяць намалочанае зерне ў сушыльную гаспадарку, якая знаходзіцца ў Стайках, вадзіцелі Валерый Замкоў, Сяргей Ядчанка, Андрэй Жаўлакоў, Фёдар Снытко. На запраўшчыку дастаўляе паліва ў поле да сельгасмашын Андрэй Бабіцкі.

Аператар сушыльнай гаспадаркі Віктар Калабухін

Ва ўмовах дажджлівага надвор’я хлебаробам даводзіцца ў літаральным сэнсе манеўаваць на хлебных палях. За кошт далучэння былога ААТ “Стайкаўскае” значна пашырылася і геаграфія гаспадаркі. Бывае так, што на адным полі ідзе дождж, а на іншым — суха. Менавіта туды і пераязджаюць камбайны, каб не марнаваць час. Дарэчы, пасля дажджу каласы даволі хутка праветрываюцца і прасушваюцца, і ім не даюць доўга “гуляць”.

Актыўнае вядзенне работ дазваляе “Чыгірынцы” лідзіраваць у раёне па тэмпах уборкі: па стане на ўчарашнюю раніцу каласавыя былі абмалочаны на 22% планавых плошчаў. Радуе пакуль мясцовых працаўнікоў і сярэдняя ўраджайнасць: на круг выходзіць па 31 цэнтнеру.

Да патрэбных кандыцый па вільготнасці збожжа даводзіцца ў сушыльнай гаспадарцы, якая працуе кругласутачна. Па чарзе абслугоўваюць тут агрэгаты два звёны ў саставе аператараў Віктара Калабухіна з Дзмітрыем Панкратовічам і Аляксандра Чужынава з Уладзімірам Навуменкам.

Даведзенае да ладу зерне ў першую чаргу адпраўляецца на прыёмныя пункты ў кошт выканання дзяржзаказу. Чыгірынцам даведзена заданне паставіць 700 т збажыны, і амаль палова плана ўжо выканана. Пасля поўнага разліку з дзяржавай хлебаробы пачнуць засыпаць зерне ва ўласныя засекі.

Ва ўборачную кампанію ўваходзіць, як вядома, не толькі абмалот зерня, яго адвозка і сушка. Услед за камбайнерамі ў працэс уліваюцца механізатары на трактарах з прэс-падборшчыкамі, якія скатваюць залацістую салому ў рулоны. На гэтым участку шчыруе звяно ў саставе Леаніда Іванчыкава, Віктара Данцова, Уладзіміра Бабіцкага і Дзмітрыя Конюхава. Да месцаў складзіравання каля бліжэйшых аб’ектаў жывёлагадоўлі дастаўляюць рулоны Васіль Тарэлка, Аляксандр Манкевіч і Віктар Іваніцкі.

Вызваленыя ад каласавых і саломы палі з іржэўнікам тут жа заворваюцца. Гэтую работу якасна выконваюць Анатоль Кузьмін і Мікалай Бабіцкі.Зладжана весці жніво ў пэўнай струпені дазваляе чыгірынцам якасная і своечасовая падрыхтоўка і арганізацыя. Тэхніка працуе без збояў, работнікі забяспечаны спецвопраткай, двухразовым гарачым харчаваннем — стравы дастаўляюцца прама да месцаў вядзення работ, да ўдзельнікаў жніва даведзена сістэма аплаты працы, згодна якой можна няблага зарабіць. Не ўзнікае падчас работ перабояў з палівам, сельгасмашыны ўкамплектаваны ўсім неабходным. Да гэтага, трэба дадаць, ёсць у сельгасфіліяле галоўнае — надзейныя і адказныя працоўныя кадры, якія, упэўнена мясцовае кіраўніцтва, — не падвядуць.

Аляксандр ХАХЛОЎ.

Фота аўтара.

Последние новости

Актуально

Дорогие жители Могилёвщины!

25 декабря 2024
Читать новость
Актуально

Об увеличении заработной платы бюджетникам, выполняющим дополнительные трудовые обязанности

24 декабря 2024
Читать новость
Профилактика и безопасность

Осторожно! Мошенники!

24 декабря 2024
Читать новость
Человек и закон

Меры безопасности и Новый год

24 декабря 2024
Читать новость
Безопасность жизнедеятельности

Установите ель правильно и безопасно

24 декабря 2024
Читать новость
Кировск — здоровый город

Школа – территория здоровья

24 декабря 2024
Читать новость