Галоўная задача — служыць закону
Прафесійнае свята — Дзень юрыста — вядзе свой адлік з 1997 года. Аб устанаўленні яго на 1-м з’ездзе суддзяў аб’явіў Кіраўнік дзяржавы А.Р.Лукашэнка.
У першую чаргу, гэта свята тых, хто абараняе нашы правы і інтарэсы: пракурораў, суддзяў, адвакатаў, следчых, юрысконсультаў, спецыялістаў па кадрах…
З кожным годам пералік сфер дзейнасці, для эфектыўнай работы якіх патрэбны юрыдычныя веды, становіцца ўсё больш шырокім. Менавіта высокапрафесійная дзейнасць юрыстаў ляжыць у аснове дакладнага і бездакорнага выканання законаў, абароны інтарэсаў дзяржавы, бізнэсу, правоў і свабод чалавека. Усё гэта прад’яўляе да прадстаўнікоў гэтай прафесіі высокія маральныя і этычныя патрабаванні. Бо галоўная задача юрыста — служыць закону.
У сучасным жыцці без дасканалага ведання законаў немагчыма прыняць узважанныя вытворчыя і кадравыя рашэнні. Расце і грамадзянска-прававая актыўнасць насельніцтва, людзі ўсё больш пераконваюцца ў магчымасці атрымаць справядлівае і рэальнае вырашэнне розных праблем менавіта прававым метадам.
У цяперашні час прадставіць стабільную работу шматпрофільнага прадпрыемства без высакакласнага спецыяліста-юрыста ўвогуле немагчыма. Ва ўсіх накірунках дзейнасці неабходна прытрымлівацца літары закона. Граматны юрыст — знаходка для любога прадпрыемства.
У ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне” вось ужо 7 гадоў працуе юрысконсультам Уладзімір Сгібнеў.
“Спецыяліст высокага класа, чалавек сумленны, адказны, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй”, – менавіта так ахарактарызавала Уладзіміра Сгіб-нева намеснік дырэктара райаграпрамтэхзабеспячэння па фінансах і бухгалтарскаму ўліку Марына Акушэвіч.
Нарадзіўся Уладзімір Васільевіч у в.Скачок. Пасля заканчэння Баравіцкай СШ паступіў у Бабруйскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж. Дарэчы, аб юрыспрудэнцыі ён марыў з дзяцінства, таму і выбар прафесіі быў асэнсаваным. Пасля заканчэння каледжа па размеркаванні быў накіраваны ў адзін з саўгасаў Клічаў-скага раёна. А калі з’явілася магчымасць працаваць па абранай прафесіі на Кіраўшчыне, не задумваўся ні на хвіліну.
Так, у лістападзе 2006 года Уладзімір Васільевіч прыйшоў у якасці юрысконсульта ў ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. У тым жа годзе ён паступіў у Беларускую дзяржаўную сельгасакадэмію, і летась атрымаў дыплом спецыяліста па грамадзянскім і гаспадарчым праве.
Як адзначыў падчас размовы У.В.Сгібнеў, работа юрыста складаная, але вельмі цікавая. Райаграпрамтэхзабеспячэнне — шматпрофільнае прадпрыемства, такая ж работа і ў юрыста. Займацца даводзіцца самымі рознымі пытаннямі: ад дагаворнай, прэтэнзійна-іскавой дзейнасці да ўтрымання жыллёвага фонду, ад сельскагаспадарчых пытанняў да налічэння заработнай платы і г.д.
На пытанне, ці дапамагае яму веданне законаў у жыцці, Уладзімір Сгібнеў сціпла адказаў, што свае юрыдычныя веды імкнецца прымяняць толькі на рабоце. Але і ў штодзённым жыцці ніколі не адмаўляе ў юрыдычнай дапамозе тым, хто да яго звяртаецца. Але, несумненна, веданне законаў вельмі дапамагае яму ў жыцці: напрыклад, можна хутка і з пункту гледжання юрысдыкцыі граматна саставіць любы дакумент, правільна сфармуляваць сутнасць сваёй просьбы, каб атрымаць кваліфікаваны адказ.
На думку Уладзіміра Васільевіча, юрыст заўсёды павінен трымаць руку на пульсе жыцця, сачыць за зменамі ў заканадаўчай базе, арыентавацца ў ёй і ўмець граматна прымяняць на практыцы.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.