Гонар і хвала лідарам Жніва!
Кіраўшчына славіцца таленавітымі хлебаробамі. Па стане на ўчарашнюю раніцу, 22 ліпеня, у раёне 8 збожжаўборачных экіпажаў намалацілі больш за 1000 тон збожжа, 6 з іх – з ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага». Лідзіруе маладзёжны экіпаж Андрэя Дразда і Аляксандра Краўцова. Хлопцы намалацілі больш за 1500 тон. Сярод маладзёжных экіпажаў вобласці іх тандэм стаў першым тысячнікам. Такім чынам яны паўтарылі леташні поспех, калі таксама трымалі лідарства сярод моладзі ў Прыдняпроўскім краі. Маладыя хлебаробы прымалі віншаванні з працоўным дасягненнем і ўдзячнасць за пачэсную працу ад старшыні райвыканкама Галіны Слабоднікавай, кіраўніцтва сельгаставарыства, прафсаюзных лідараў, першага сакратара ЦК ГА «БРСМ» Аляксандра Лук’янава.
Размаўляючы з маладымі камбайнерамі,
Галіна Слабоднікава адзначыла: «Сёлета вырасцілі добры ўраджай, надвор’е для жніва даволі спрыяльнае, а ўсё астатняе залежыць ад вас! Я ведаю вас не першы сезон, вы малайцы! Настойлівыя, надзейныя і адказныя хлебаробы, выканаеце даручаную справу на належным узроўні, так, як трэба».
У пары з Аляксандрам Краўцовым Андрэй Дрозд шчыруе другое жніво запар. Дагэтуль працаваў з бацькам, са стрыечным братам. Малады патомны і без перабольшвання таленавіты хлебароб Дрозд душой хварэе за хлебную ніву. Маючы вышэйшую адукацыю інжынера, зусім не спяшаецца пакінуць палеткі і штурвал камбайна. Кажа, што гэта праца душэўная, яму да спадобы, ён ёй жыве і дыхае.
У хлебаробаў няма выхадных. У нядзелю, 20 ліпеня, на палетках было па-сапраўднаму горача. На раніцу гэтага дня адразу чатыры рассветаўскія экіпажы і адзін экіпаж КСУП «Ніва-Барсукі» перакрочылі тысячны рубеж намалоту. У іх урачастым ушанаванні прынялі ўдзел кіраўніцтва раёна начале з Галінай Слабоднікавай, актывісты прафсаюзнага руху.
Экіпаж у саставе рассветаўцаў Мікалая Белакурскага і Анатоля Юркаўца першым у раёне намалаціў больш за тысячу тон на камбайне айчыннай вытворчасці. Віншаванні і падарункі разам з імі прымалі маладзёжны экіпаж Сяргея Дразда і Эдуарда Фаміна, экіпажы братоў Мікалая і Анатоля Драздоў, Пятра Мухіна і Юрыя Нікіфараўца. Увечары да ліку лідараў далучыўся экіпаж у саставе Юрыя Казакова і Паўла Свірко.
Прама на палетках віншаванні ад кіраўніка раёна прымаў і маладзёжны экіпаж-тысячнік стрыечных братоў Андрэя Свірко і Аляксея Бяляўскага з КСУП «Ніва-Барсукі».
Старшыня райкама прафсюза работнікаў АПК Віктар Ставер з віншаваннямі завітаў да першага экіпажа-тысячніка ААТ «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне» Сяргея Чудапала і Аляксандра Выганоўскага.
Не здаюць пазіцый і вадзіцелі, якія задзейнічаны на адвозцы збожжа. Па стане на раніцу 22 ліпеня больш за дзве тысячы тон перавезлі рассветавец Міхаіл Семянкоў і нівавец Васіль Марозаў. Больш за тысячу тон на рахунку яшчэ дзесяці вадзіцеляў.
Першага вадзіцеля-тысячніка з КСУП «Чырвоны баец» Юрыя Кітова ў нядзелю таксама павіншавалі з доўгачаканым працоўным дасягненнем.
Уборачная працягваецца. Памнажаюцца намалоты. Павялчіваецца колькасць лідараў. Ганарымся героямі Жніва!
Галіна РУСЕЦКАЯ.
Яўгенія БЯЛЬКО. Фота аўтараў.