Плён працы хлебаробскай
Сёлетняя ўборачная кампанія ў Беларусі стартавала раней звычайнага. Напрыканцы чэрвеня першыя зжатыя палосы з’явіліся і на хлебных палетках Кіраўшчыны. Уборка прайшла зладжана і ў аптымальна кароткія тэрміны і прынесла не толькі плённыя вынікі, але і дазволіла наглядна прадэманстраваць узровень арганізаванасці, гатоўнасці тэхнікі і адданасці кіраўскіх хлебаробаў роднай зямлі.
Аграрыі Кіраўшчыны першымі ў вобласці завяршылі ўборку. Клін збожжавых і зернебабовых складаў 15121 гектар, рапс – 3338. Агульны хлебны каравай раёна склаў 53900 тон, сярэдняя ураджайнасць – 35,6 цэнтнера з гектара, масланасення рапсу намалочана 11215 тон пры ўраджайнасці 33,6 ц/га. Вынік нядрэнны, але ж, як лічыць першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Сяргей Дарожкін, чакалі большага, таму ёсць яшчэ над чым працаваць. “Сапраўды, мець больш, чым атрымліваецца, нармальнае жаданне, – адзначае Сяргей Анатольевіч. – Віды на ўраджай былі добрыя, і мы планавалі перакрочыць 60-тысячны рубеж намалоту, але ж… Абвінавачваць у гэтым надвор’е, мабыць, не варта, і тым не менш, аналізуючы вынікі, можна сказаць, што раннія вясеннія замаразкі і непагадзь, што абрушылася на Беларусь у сярэдзіне ліпеня, зрабілі сваю справу. А больш нават нашкодзіў град, які пабіў зернебабовыя. У асноўным пацярпелі палеткі ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” і ААТ “Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне”. Увогуле ж, усе кіраўскія аграрыі прафесійна і з поўнай адказнасцю зрабілі сваю справу. Поўнасцю выкананы дзяржзаказ: здалі 6680 тон харчовага збожжа, 900 – ячменю піваварнага і 240 – рапсу. Рэй ва ўсім: і па валу, і па намалоце задавалі рассветаўцы. Збожжавых і зернебабовых у “Рассвеце” на круг атрымалі 49,1 цэнтнера, вал склаў 18006 тон, рапсу пры сярэдняй ўраджайнасці 43,2 цэнтнераў з гектара намалочана 4534 тоны”.
Калі гаварыць аб выніках жніва, то не лішнім будзе нагадаць, што сёлета ў раёне 31 збожжаўборачны экіпаж намалаціў больш тысячы тон збожжа кожны, 6 з іх больш 2 тысяч тон, і ўсе з ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”. 27 вадзіцеляў перавезлі больш тысячы тон зерня ад камбайнаў, з іх 1 вадзіцель больш 4 тысяч тон, 4 – больш 3 тысяч і 5 больш 2 тысяч тон. Пры тым, моладзь ніколькі не ўступала вопытным хлебаробам. Як доказ, маладзёжны экіпаж рассветаўцаў у саставе Андрэя Дразда і Аляксандра Краўцова, на рахунку якога 2696,4 тоны намалочанага збожжа, стаў пераможцам раённага спаборнірцтва на Жніве-2024. Відавочна, што ў сельскай гаспадаркі раёна ёсць будучае!
Гэта значнае дасягненне, якое стала магчымым дзякуючы эфектыўнай арганізацыі працы і высокаму ўзроўню дысцыпліны на рабочых месцах.
Важным аспектам падчас уборачнай стала арганізацыя аховы працы: з работнікамі праводзіліся інструктажы, вёўся ўзмоцнены кантроль за выкананнем імі тэхнікі бяспекі, маніторыліся працоўныя месцы на наяўнасць неабходнага ахоўнага абсталявання і захаванне ўсіх санітарных нормаў. У выніку, удалося пазбегнуць сур’ёзных здарэнняў.
Трэба адзначыць і матывацыю хлебаробаў. Падчас уборачнай для аплаты працы прымяняліся спецыяльныя расцэнкі; для ўдзельнікаў жніва было арганізавана гарачае харчаванне; кіраўніцтва раёна, гаспадарак, прафсаюзныя лідары ўшаноўвалі пераможцаў уборачнай прама ў полі.
Такім чынам, уборачная кампанія 2024 года стала яркім прыкладам таго, як зладжаная праца, сучасныя тэхналогіі, высокая кваліфікацыя кадраў, любоў да роднай зямлі і адданасць хлебаробскай справе могуць прывесці да добрых вынікаў. А дасягнутыя поспехі хай служаць асновай для далейшага развіцця аграрнага сектара Кіраўскага раёна і краіны ў цэлым.
Галіна РУСЕЦКАЯ.