Рассветаўскія садаводы збіраюць ураджай
Верасень для садаводаў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” можна назваць гарачай парой. Менавіта ў першы восеньскі месяц з ранку да вечара ў садах сельгаставарыства, як гаворыцца, кіпіць работа, актыўна вядзецца масавы збор ураджаю яблыкаў.
Рассветаўская садовая гаспадарка зараз займае 200 гектараў, амаль усе яны адведзены пад яблыні – каля 150 тысяч дрэў, кожнае з якіх патрабуе ўвагі і клапатлівага догляду.
Разам з начальнікам вытворчага ўчастка “Сад” Аленай Юркавец ідзём па роўненькай яблыневай алеі. За гутаркай аграном уважліва кідае позірк на кожнае дрэўца. Сад быў закладзены ў 2004 годзе. Увесь гэты час Алена Валер’еўна па-гаспадарску і з асаблівым, па-жаночаму клапатлівым падыходам, наладжвае тут вытворчы працэс. Зірнуўшы на дрэва, стан пладоў, яна адразу разумее, чаго ім не хапае.
“Сёлета, нашы яблынькі пацярпелі ад умоў надвор’я, – расказвае садавод. – Вясной іх значна падмарозіла, летняя спёка таксама не лепшым чынам паўплывала на якасныя характарыстыкі пладоў. Таму, атрымаць такі ўраджай, як, да прыкладу, у мінулы год, на жаль, не ўдасца. Аднак тое, што вырасла і захавалася, беражліва збіраем”.
На здыме ўраджаю задзейнічана
18 работнікаў вытворчага ўчастка, дзве групы па 8 чалавек з ліку часова беспрацоўных, накіраваных сюды ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Пры небаходнасці на дапамогу прыязджаюць работнікі цяплічнага камбіната гаспадаркі. У сярэднім у дзень збіраюць каля 10 тон пладоў.
Характарызуючы рабочы працэс, Алена Юркавец расказала, што непасрэдна зборам яблыкаў займаюцца ў асноўным жанчыны. Мужчыны задзейнічаны на пагрузцы – выгрузцы, сартыроўцы, складзіраванні.
Многія з работнікаў працуюць тут шмат гадоў. Напрыклад, адна з вопытных садаводаў Аксана Жалдак удзельнічала ў закладцы саду. Яна лёгка арыентуецца ў гатунках, умовах вырошч-
вання і догляду. Ёсць сярод работнікаў і сямейныя падрады. Так, механізатар Дзмітрый Літвінка адвозіць яблыкі, шчыруе тут чатыры гады. Нядаўна, пасля выхаду з водпуску па догляду за дзіцяці ў сад прыйшла працаваць і яго жонка Таццяна.
“У бягучым годзе сезон збору ў нас стартаваў у сярэдзіне ліпеня, – працягвае гутарку Алена Юркавец. – Пачыналі з ранніх гатункаў “жэнева” і “Алена”. Плады здымалі, на месцы складзіравалі ў скрыні і адразу транспартавалі ў гандлёвую сетку. Гэтыя гатункі карыстаюцца попытам у пакупнікоў, распрадаліся добра. Зараз збіраем сярэднеспелыя, на чарзе – познеспелыя гатункі беларускай селекцыі. Ураджай будзем здымаць да глыбокай восені”.
Сярод найбольш перспектыўных Алена Юркавец вылучыла такія гатункі яблыкаў як “дарунак” – высокаўраджайны, сакавіты, на густ салодкі з лёгкай кіслінкай, добра пераносіць працяглую транспарціроўку; “сябрына” – унікальны гатунак, створаны беларускім селекцыянерам Р.К.Каваленкам шляхам скрыжавання гатункаў “прыма” і “лоба”, добра захоўваецца, устойлівы да хвароб і шкоднікаў; “імант” – добра транспартабельныя яблыкі, што робіць іх ідэальнымі для перавозкі без страты якасці.
Вельмі падабаецца вопытнаму аграному гатунак “Алеся” –
плады духмяныя, з прыгожай жоўта-чырвонай афарбоўкай, добра захоўваюцца і актыўна распрадаюцца. Аднак сёлета гэты гатунак вельмі падмарозіла і ўраджай чакаецца невялікі.
Акрамя яблыкаў садаводы “Рассвета” вырошчваюць грушы (2 гектары), парэчкі (11 гектараў), вішню (1 гектар), чарэшню, грэцкі арэх (10 гектараў) і кавуны.
Сабраны сёлета ўраджай парэчак і вішні, таксама як і летні гатунак груш, распрадалі ў гандлёвай сетцы. Частка парэчак пайшла на перапрацоўку.
З ходам часу рассветаўскія садаводы не стаяць на месцы. Асвойваюць сучасныя тэхналогіі, вытворчасць новых культур. “Дзякуючы ідэям, ініцыятыве і пыдтрымцы дырэктара нашага сельгас-
таварыства Аляксандра Багеля, мы пачалі вырвошчваць кавуны і грэцкія арэхі, – прадоўжыла размову Алена Юркавец. – Паступова адыходзім ад неперспектыўных садоў, з нізкім імунітэтатам і асвойваем інтэнсіўнае садоўніцтва. Гэта найбольш прагрэсіўная тэхналогія вырошчвання пладовых дрэў, эканамічная эфектыўнасць у разы вышэй. Дрэвы высаджаны на шпалерах, наладжаны кропельны паліў. Такі сад, вядома, абяцае больш аб’ёмны ўраджай.
Пад інтэнсіўныя сады планцуем адвесці 60 гектараў, з іх 20 ўжо заняты, восенню закладзём яшчэ 5”.
Рассветаўскія яблыкі можна набыць у гандлёвых сетках гаспадаркі, у магазінах у Кіраўску, Бабруйску, Магілёве, а таксама ў Мінску. Плады з мэтай далейшай перапрацоўкі набываюць Кіраўскае райспажыўтаварыства, ААТ “Красный Пищевик”.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.