Поспех кіраўскіх хлебапёкаў
Залатыя медалісты – менавіта такі тытул на рэспубліканскім аглядзе якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Смаката-2024” атрымалі харчовыя вырабы вытворчага аддзела Кіраўскага раённага спажывецкага таварыства. Высокай ацэнкі членаў журы былі ўдастоены хлеб пшанічна-льняны на заквасцы і сухары “Разыначка”.
Варта адзначыць, што для кіраўскіх хлебапёкаў атрыманне ўзнагарод такой вартасці ў розных конкурсах і аглядах за сваю прадукцыю, справа бадай штогадовая. Працаўнікам вытворчага аддзела райспажыўтаварыства можна па-праву ганарыцца такім высокім прызнаннем выпускаемай імі прадукцыі.
Як адзначыла начальнік аддзела Вікторыя Шкуратава, у конкурсе “Смаката-2024” ўдзельнічалі прадпрыемствы з ўсёй Беларусі, сярод якіх і самыя буйныя вытворцы хлебабулачных вырабаў у краіне. Дэгустацыйная камісія ацэньвала “канкурсантаў” па знешнім выглядзе, смаку, густу, паху, рэцэптуры, прапечанасці, карацей, па ўсіх арганалептычных якасцях прадукцыі. Таму перамога кіраўчан сведчыць аб высокім прафесіяналізме кіраўскіх майстроў хлебапякарскай справы.
Калі крыху расказаць пра залатых медалістаў, то варта адзначыць, што сухары “Разыначка” – прадукт даўно вядомы і любімы не толькі ў кіраўчан, але і ў гасцей горада, жыхароў іншых населеных пунктаў, дзе рэалізуецца прадукцыя нашага хлебазавода. Сухары карыстаюцца нязменным попытам і з’яўляюцца лідарамі продажу. Аднак у гэтым конкурсе яны ўдзельнічалі ўпершыню – і адразу залаты медаль! Вытворчы аддзел усяго выпускае 4 віды сухароў: акрамя “Разыначка”, з насеннем льну, з водарам грыбоў і жытнія.
Другі пераможца конкурсу – хлеб пшанічна-льняны на заквасцы – своеасаблівая навінка. Яго выпускам нашы хлебапёкі заняліся каля двух месяцаў таму. Гэты прадукт – своеасаблівая даніна модзе на здаровае харчаванне. У яго рэцэптуры прарошчаная пшаніца, насенне льну, ачышчаная мука вышэйшага гатунку.
Па словах начальніка аддзела, хлеб пшанічна-льняны на заквасцы пакуль не штодзённы прадукт на прылаўках магазінаў: хлебапёкі вывучаюць попыт пакупнікоў на дадзеную прадукцыю. Калі гэты выраб знойдзе свайго спажыўца і стане вельмі запатрабаваным, то аддзел гатовы павялічыць яго выпуск. А перамога ў конкурсе паказвае, што гэты хлеб заслугоўвае таго, каб стаць любімым прадуктам на стале пакупнікоў.
Увогуле, адзначыла Вікторыя Шкуратава, навінкі заўсёды не так лёгка трапляюць у “любімчыкі” пакупнікоў. Так зараз “шукае” свайго спажыўца хлеб з насеннем сланечніка. Іншы раз прадукт праз некаторы час здымаецца з вытворчасці, бо не пайшоў у шырокі гандаль.
– Тая прадукцыя нашага аддзела, якая была ў мінулыя гады адзначана рэспубліканскімі ўзнагародамі, цяпер у большасці выпадкаў не вырабляецца, – адзначыла Вікторыя Сяргееўна. –
Мяняюцца запыты пакупнікоў, іх густы. Ды і мы не стаім на месцы. Улічваем патрабаванні часу і выпускаем новыя вырабы, якія карыстаюцца попытам. Аднак некаторых «ранейшых пераможцаў» усё ж такі можна пасмакаваць і зараз. Напрыклад, нязменным попытам карыстаецца наша пляцёнка. Вельмі любяць кіраўчане кандытарскія вырабы, тыя ж булачкі, пірожныя, торты.
Зараз кіраўскія хлебапёкі працуюць над вытворчасцю яшчэ адной навінкі – бездражджавога хлеба. Увогуле, тут пастаянна эксперыментуюць, спрабуюць
уводзіць у выпускаемую прадукцыю розныя карысныя і смачныя інгрыдыенты. Усё для таго, каб з кожным днём прыхільнікаў у хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў вытворчага адзела райспажыўтаварыства станавілася ўсё больш.
Людміла СЯМЁНАВА.