З увагай і чуласцю да пажылых
Разам з чарадой навагодніх і калядных святаў на Кіраўшчыне прайшла рэспубліканская дабрачынная акцыя “Ад усёй душы”, закліканая акружыць увагай, цеплынёй і клопатам пажылых грамадзян.
14 студзеня, калі адзначаецца Стары Новы год, шматлікіх гасцей прымалі грамадзяне пажылога ўзросту і інваліды, якія пражываюць у аддзяленні штодзённага знаходжання в.Хваніца.
Павіншаваць пажылых людзей прыехалі першы намеснік міністра па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь Ігар Клепча, старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Сакадынец і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Багель.
Віншуючы гаспадароў, Ігар Клепча адзначыў, што наша краіна была і застаецца сацыяльна арыентаванай. Сярод асноўных прынцыпаў сістэмы – павага і клопат пра чалавека, падтрымка і ўзаемадапамога. Менавіта такія мэты падтрымліваюць і цудоўныя навагоднія акцыі.
– Любы чалавек можа апынуцца ў няпростых жыццёвых абставінах, калі яму спатрэбіцца дапамога іншых, – адзначыў Ігар Мікалаевіч. – Дзяржава праяўляе клопат пра кожнага свайго грамадзяніна. Дзеля гэтага ў тым ліку і адкрываюцца розныя сацыяльныя і медыцынскія ўстановы, дзе людзям дапамагаюць умацаваць сваё здароўе, дзе іх акружаюць цеплынёй і ўвагай, дзе для іх створаны дастойныя ўмовы. Такія сацыяльныя ўстановы становяцца для людзей другім домам.
Ігар Клепча павіншаваў насельнікаў аддзялення і ўвесь калектыў са святамі, пажадаў ім здароўя, душэўнага спакою і больш прыемных жыццёвых момантаў.
Для аддзялення штодзённага знаходжання Ігар Мікалаевіч перадаў у падарунак сертыфікат на набыццё тэлевізара.
Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэупатаў павіншавала ўсіх Алена Сакадынец. Яна адзначыла, што на Кіраўшчыне пажылыя людзі заўсёды ў цэнтры ўвагі. Кожны мае магчымасць атрымаць тую дапамогу, якая неабходна чалавеку ў рознай жыццёвай сітуацыі. Алена Аляксандраўна пажадала здароўя, пражываючым у аддзяленні станоўчых жыццёвых момантаў і стойкасці духу.
Алена Сакадынец перадала Падзякі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама за добрасумленную працу ў сацыяльна-працоўнай сферы вобласці, узорнае выкананне працоўных абавязкаў сацыяльнаму работніку аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму РЦСАН Наталлі Кандрацьевай і спецыялісту па сацыяльнай рабоце аддзялення пярвічнага прыёму, аналізу, інфармавання і прагназавання РЦСАН Наталлі Цішчанка.
Віншуючы пажылых людзей з навагоднімі і каляднымі святамі, Аляксандр Багель адзначыў, што ў беларускім грамадстве заўсёды праяўляюць клопат пра пажылых людзей, якія ў свой час самааддана працавалі на карысць развіцця краіны. Кожны, хто звяртаецца за падтрымкай, атрымлівае яе, асабліва калі гэта тычыцца адзінокіх ці адзінокапражываючых грамадзян. І з кожным годам сацыяльная арыентаванасць і падтрымка толькі ўзмацняюцца.
Аляксандр Багель перадаў аддзяленню падарункі, якія стануць карыснымі для стварэння ўтульных умоў пражывання.
Салодкія падарункі кожнаму насельніку аддзялення прадаставіла раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.
А якое ж навагодняе свята без Дзеда Мароза і Снягуркі? Казачныя героі, дзеці і работнікі культуры парадавалі пажылых грамадзян культурнай праграмай.
У адрас ганаровых гасцей прагучалі словы ўдзячнасці за ўвагу і чуласць, за яркія і памятныя эмоцыі.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.