Дзяжурны па… снежні
Снежань – асаблівы месяц. Гэта час, калі падводзяцца вынікі адыходзячага года і будуюцца планы на будучае. Для жыхароў Кіраўскага раёна апошні месяц года быў насычаны важнымі падзеямі ў грамадска-палітычным і культурным жыцці.
Працягвалася актыўная падрыхтоўка да выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбудуцца 26 студзеня 2025 года. На працягу месяца праводзіліся сустрэчы ў працоўных калектывах, а таксама наладжваліся дыялогавыя пляцоўкі, падчас якіх абмяркоўваліся актуальныя пытанні і перспектывы развіцця рэгіёна.
Адной са значных падзей стала ўрачыстае адкрыццё новага малочнатаварнага комплексу ААТ «Дабаснянскае». Гэты аб’ект, разлічаны на ўтрыманне 600 галоў дойнага статка, стаў трэцім такім праектам, рэалізаваным у раёне за 2024 год, што падкрэслівае важнасць аграпрамысловага сектара для эканомікі раёна. Узвядзенне такіх аб’ектаў дазваляе ствараць новыя працоўныя месцы.
Прайшоў конкурс «Лепшы малады спецыяліст-2024». У ім прынялі ўдзел маладыя спецыялісты, якія пачынаюць свой прафесійны шлях на Кіраўшчыне. У мінулым годзе ў раён на першае працоўнае месца прыбыў 71 малады спецыяліст. Конкурс выявіў самых таленавітых прадстаўнікоў розных прафесій. Пераможцам стала настаўніца Мышкавіцкай Сярэдняй школы Анастасія Бяржаніна. Яе поспех стаў прыкладам для многіх маладых спецыялістаў раёна.
3 снежня жыхары Кіраўшчыны адзначылі Дзень інвалідаў Рэспублікі Беларусь, падкрэсліваючы значнасць сацыяльнай падтрымкі людзей, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі. А 5 снежня – Дзень валанцёра, які прысвечаны тым, хто бескарысліва дапамагае іншым.
10 снежня адзначаецца Дзень правоў чалавека, які нагадвае ўсім аб неабходнасці абароны грамадзянскіх свабод і правоў кожнага грамадзяніна.
У снежні жыхары раёна адзначалі некалькі прафесійных святаў: 7 снежня ўшаноўвалі страхавых работнікаў, а 22 снежня – энергетыкаў. Гэтыя даты нагадваюць аб важнасці працы кожнага спецыяліста для грамадства.
Праваслаўныя вернікі адзначылі 4 снежня свята Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы.
25 снежня прадстаўнікі каталіцкай канфесіі сустракалі Каляды.
Як і заўсёды, снежань азнаменаваўся актыўнай падрыхтоўкай да сустрэчы Новага года. Прадпрыемствы і арганізацыі ўпрыгожылі свае тэрыторыі святочнай ілюмінацыяй. У райцэнтры адбыўся маляўнічы парад Дзедаў Марозаў і Снягурак, а таксама машын, упрыгожаных навагоднімі дэкарацыямі. Цэнтральнымі падзеямі сталі запальванне агнёў на галоўнай ёлцы раёна і традыцыйнае свята для дзяцей у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».
Замілавальным і пяшчотным атрымаўся раённы конкурс «Міс Сняжынка-2024». У ім прынялі ўдзел юныя жыхаркі рэгіёну. Самай чароўнай сняжынкай 2024-га года стала Эвеліна Нявінская.
Снежань таксама быў часам добрых спраў. У рамках традыцыйных рэспубліканскіх акцый «Нашы дзеці», «Цуды на Каляды», «Ад усёй душы» жыхары раёна віншавалі са святамі і аказвалі дапамогу сем’ям, дзецям-сіротам і пажылым грамадзянам, якія маюць у гэтым патрэбу.
Такім чынам, снежань у Кіраўскім раёне быў напоўнены яркімі падзеямі, якія аб’ядналі жыхароў вакол агульных мэтаў і каштоўнасцяў.
“Дзяжурыла” Яўгенія БЯЛЬКО.