Стараста як сувязнае звяно

Мясцовае самакіраванне ў Беларусі мае глыбокія гістарычныя карані. На працягу стагоддзяў мясцовыя супольнасці кіраваліся з удзелам грамадзян, якія былі актыўнымі ў вырашэнні пытанняў, што тычацца іх паўсядзённага жыцця. Адной з ключавых фігур на ўзроўні вёскі і невялікіх пасёлкаў заўсёды быў стараста, які выконваў ролю сувязнага звяна паміж мясцовымі жыхарамі і ўладай. І сёння стараста працягвае адыгрываць важную ролю
ў развіцці мясцовага самакіравання.

лютага стараста вёсак Гарадзец, Стража, Зеляніца Іван Іванавіч Дарафей прымаў віншаванні з нагоды свайго 76-га дня нараджэння. Найлепшыя пажаданні здароўя, актыўнага даўгалецця адрасавалі імянінніку старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер, першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Антаніна Смятана, старшыня Баравіцкага сельскага Савета дэпутатаў Вераніка Касьміна.

Віктар Ставер уручыў Івану Іванавічу нагрудны знак Кіраўскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК “За добрасумленую працу”.
На пасадзе старасты І.І.Дарафей ужо больш за 15 гадоў. За гэты час ён стаў незаменным сувязным звяном паміж жыхарамі і ўладай, вырашаючы праблемы на ўзроўні мясцовага самакіравання. Яго праца гаворыць аб глыбокай прыхільнасці да роднага месца і шчырым жаданні зрабіць жыццё аднавяскоўцаў лепшым. Ён ведае кожнага жыхара, разумее іх патрэбы і праблемы і заўсёды гатовы аказаць ім дапамогу і падтрымку.
“Іван Іванавіч – актыўны, надзейны мой памочнік, – кажа Вераніка Касьміна. – Ён заўсёды на сувязі. Трымае на кантролі пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў, асвятлення, работы аўталаўкі, бібліятэкі. Ён не пакідае без увагі ні адну просьбу аднавяскоўцаў. Дапамагае ім у вырашэнні пытанняў рамонту пячнога ацяплення, добраўпарадкавання дваровых тэрыторый і іншых. Адным словам, калі ўзнікае нейкае пытанне, то жыхары гэтых вёсак заўсёды ведаюць, да каго трэба звяртацца ў першую чаргу”.
Вераніка Сямёнаўна адзначыла, што ў Баравіцкім сельсавеце 26 населеных пунктаў, нават проста аб’ехаць іх усе за дзень немагчыма. Што ж тычыцца Гарадца, Стражы і Зеляніцы, то тут яна ўпэўнена, што яе памочнік справіцца з рашэннем любога пытання на самым высокім узроўні. Галоўнае, што ён заўсёды ў курсе ўсяго, што адбываецца ў вёсках. А калі паведамляе аб нейкіх праблемах, то адразу прапануе і шляхі іх вырашэння.
За гады сваёй працы стараста стаў не проста адміністрацыйнай фігурай, а сапраўдным лідарам, да меркавання якога прыслухоўваюцца, заслужыў давер мясцовых жыхароў. Яны лічаць Івана Дарафея сапраўдным гаспадаром у вёсцы, адклікаюцца пра яго, як пра чалавека слова. Калі Івана Іванавіч даў слова, то ён абавязкова яго стрымае.
Відавочна, што праца старастай патрабуе шмат клопату і ўвагі, але вялікі жыццёвы і працоўны вопыт дапамагаюць яму спраўляцца з гэтай роляй. З Гарадцом жыццё звязала яго ў пачатку 90-х, калі ён прыйшоў на працу ў мясцовую гаспадарку аграномам, потым працаваў намеснікам старшыні і старшынёй гаспадаркі. Так і не адпусціла яго больш гэтая вёска, ён і жыць сюды пераехаў з Пацавай Слабады. І ўсе даўно ўжо лічаць яго мясцовым.
Іван Іванавіч заўсёды займае актыўную жыццёвую пазіцыю: удзельнічае ў розных грамадска значных мерапрыемствах, любіць спорт, што дазваляе яму заставацца ў добрай фізічнай форме.
Галіна РУСЕЦКАЯ.