Бачыць радасць у кожным дні

Бачыць радасць у кожным дні

У пачатку сакавіка жыхарка аграгарадка Мышкавічы Вера Іванаўна Ліс адзначыла 75-годдзе з дня нараджэння. У гэты дзень жанчына прымала шматлікія віншаванні і падарункі ад родных, былых калег і сяброў.


Ушаноўвае сваіх ветэранаў працы і кіраўніцтва ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”. Павіншаваць Веру Іванаўну з юбілеем завіталі член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар сельгаставарыства Аляксандр Багель і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Наталля Шапавалава.
– Вы не па чутках ведаеце, што такое складаная сялянская праца, добрасумленныя адносіны да даручанай справы, – адзначыў Аляксандр Іванавіч. – Ваша працоўнае жыццё – прыклад для пераймання. Ад імя нашай шматлікай сельгасарганізацыі віншую вас з юбілеем, дзякую за самаадданую працу на карысць роднай гаспадаркі і нашай Кіраўшчыны. Жадаю здароўя, бадзёрасці духу і больш шчаслівых імгненняў і падзей. Юбіляршы ўручылі кветкі і памятны падарунак.
Веру Іванаўну вельмі расчуліла такая ўвага і цёплыя словы пажаданняў, на вачах выступілі слёзы радасці. Яна падзякавала гасцям за віншаванні і клопат.
Многае спасцігаецца ў маленстве. Добрай жыццёвай школай яно стала і для Веры Іванаўны. Нарадзілася яна ў вялікай вясковай сям’і, дзе было пяцёра дзетак, і змалку прывыкла больш пра другіх клапаціцца, чым пра сябе.
Жанчына нарадзілася і вырасла ў Цейкавічах. У той час не было ўдосталь ежы і адзення, а спазнаць, што такое сялянская праца з ранку і да змяркання, даводзілася з малых гадоў. Працоўны стаж Веры Іванаўны пачаўся, калі ёй было 12 гадоў. Дзяўчынка, як самая старэйшая з дзяцей, каб дапамагчы бацькам, пайшла разам з татам пасвіць кароў. Маці цяжка хварэла, таму Вера была і за гаспадыню, і за няньку малодшым дзецям. Узімку працавітую дзяўчыну пераводзілі на вырошчванне цялят. Яна няньчылася з імі, а тыя ў сваю чаргу добра прыбаўлялі ў вазе, нават не хварэлі. Няпроста было Веры сумяшчаць вучобу і працу ў гаспадарцы, таму часта даводзілася прапускаць школу. Да таго ж, у старэйшыя класы трэба было хадзіць у Стаўпішчы. Але, каб закончыць вучобу, Вера знайшла выйсце: дзяўчынкі-аднакласніцы прыносілі ёй хатнія заданні, вечарамі яна іх выконвала і перадавала сяброўкам, якія здавалі сшыткі настаўнікам. Вось так Вера і скончыла васьмігодку.
Дзесьці ў 14–15 гадоў юнай працаўніцы прапанавалі перайсці на дойку кароў. Работа была цяжкая, але і заробкі былі вышэйшыя, Вера пагадзілася. Маладой даярцы больш вопытныя калегі дапамагалі і словам, і справай. Нягледзячы на цяжкасці, дзяўчына вельмі стралася працаваць добрасумленна, хутка заваявала павагу ў кіраўніцтва гаспадаркі і калег-даярак. У рабоце ўсё складвалася добра.
– Кароў ў калгасе тады даілі ўручную, кармы для жывёлы ношкамі на плячах насілі ці вялізнымі кошыкамі перад сабой, – прыгадала Вера Іванаўна. – Работа была цяжкая, без усякай механізацыі, але людзі былі добрымі і да працы спраўнымі. Многія працаўнікі-рассветаўцы, што шчыравалі ў жывёлагадоўлі, за добрую работу мелі нямала ўзнагарод.
Юбілярша адзначыла, што не марыла аб узнагародах і медалях. Проста старанна выконвала сваю работу, імкнулася даглядаць жывёлу як сваю ўласную. Раней даяркі і даілі кароў, і кармілі іх, і нават лячылі. Таму яе падапечныя заўсёды былі накормленыя, дагледжаныя і здаровыя. Мабыць гэта і было галоўным у дасягненні высокіх паказчыкаў, за якія потым і была адзначана на дзяржаўным узроўні.
Жыццё Веры пакрысе наладжвалася, работа ёй падабалася. Але нечакана ў сям’ю прыйшла бяда: калі дзяўчыне толькі споўнілася 16 гадоў, не стала бацькі. Усе сямейныя клопаты леглі на яе плечы. З раніцы і да змяркання яна завіхалася то на працы, то па хатняй гаспадарцы. Клапацілася Вера і пра хворую маці, і пра малодшых сясцёр і брата. Крыху пазней на дапамогу прыйшлі сваякі: брата ўзяла жыць да сябе ў Бабруйск сястра маці, яшчэ адна сястра пайшла жыць да свайго хроснага бацькі, дзве сястры жылі ў інтэрнаце. Стала лягчэй, але Вера заўсёды памятала пра сваіх родных, наведвала іх. Пазней адна з сясцёр вярнулася жыць да яе ў вёску. Праз некаторы час Веры Іванаўне давялося перажыць яшчэ адну сямейную трагедыю: у 25-гадовым узросце ў аварыі загінула адна з яе сясцёр, без матулі засталіся 5-гадовыя двайняты…
Сваё сямейнае шчасце Вера Іванаўна сустрэла, калі ёй было 18 гадоў. Хлопцу, з Пархімкавіч родам прыгожая дзяўчына спадабалася можна сказаць з першага позірку. Маладыя ў хуткім часе згулялі вяселле. Гаспадыняй жанчына была добрай, усё ўмела: і працаваць, і хатнюю гаспадарку трымаць, і мужа з дзецьмі даглядаць. З мужам яны пражылі ў згодзе і любові больш за 50 гадоў, выхавалі двое сыноў. Некалькі гадоў таму яе дарагога Івана не стала. Зараз асаблівая радасць і гонар жанчыны – унукі, праўнучка і праўнук. Не забываюцца пра любімую матулю і сыны Юрый і Алег: у дзень 75-гадовага юбілею самыя першыя віншаванні былі менавіта ад іх. На стале жанчыны стаялі прыгожыя кветкі і любімы матулін торт.
Развітацца з жывёлагадоўчай галіной Веры Іванаўне давялося праз 19 гадоў работы, з-за праблем з сэрцам. Няпроста ёй было пакідаць справу, да якой прыкіпела душой. Пэўны час яна працавала ў калгаснай гасцініцы, пазней перайшла на кансервавы завод, шчыравала ў каўбасным цэху, цэху мінеральнай вады. А апошнія 10 гадоў да выхаду на заслужаны адпачынак займалася вырошчваннем агародніны на цяплічным камбінаце.
Лёс Веры Іванаўны нельга назваць лёгкім, але яна не ачарсцвела душой, імкнецца не губляць аптымізму, заўсёды рада гасцям.


Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара.

Последние новости

Акция!

Мы – граждане Беларуси!

14 марта 2025
Читать новость
Актуально

Когда дети признаются в социально опасном положении?

14 марта 2025
Читать новость
Кировск — здоровый город

Осторожно! Острые кишечные инфекции!

14 марта 2025
Читать новость
Конкурс

Школа безопасности-2025

14 марта 2025
Читать новость
Человек и природа

Как навести порядок, не нарушив закон

14 марта 2025
Читать новость
Профилактика и безопасность

Как не попасть в огненную ловушку

14 марта 2025
Читать новость