Дзе дабрыня — там і свята!

Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў Кіраўскага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прымала гасцей на “Калядных сустрэчах сяброў”. Менавіта так называецца мерапрыемства, якое другі год запар займае сваё месца ў чарадзе навагодніх і калядных святаў, а значыць — добрых спраў і цудаў, відавочна пашырае маштабы і мае падставы набыць статус традыцыйнага.
На здымку: Каманда Кіраўскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва “Рэальныя людзі” разам з групай падтрымкі.
У святочна ўпрыгожанай актавай зале цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г.Кіраўска гучнымі апладысментамі гледачы сустракалі ўдзельнікаў конкурсна-забаўляльнай праграмы — каманды цэнтраў сацабслугоўвання насельніцтва: “Барбарыскі” — Першамайскага раёна г.Бабруйска, “Ліманад” — Ленінскага раёна г.Бабруйска, “Мішура” — Бабруйскага, “Вясёлка” — Клічаўскага, “Запальнічкі” — Магілёўскага, ну, і, вядома ж, гаспадароў сустрэчы — каманду “Рэальныя людзі” Кіраўскага раённага цэнтра сацабслугоўвання на чале з дырэктарам установы Вольгай Мержый.
Па традыцыі, права адкрыць “Калядныя сустрэчы сяброў” было прадастаўлена выкладчыку царкоўнай школы Кіраўскага Свята-Пакроўскага храма, рэгенту Людміле Кавальчук.
Пасля прывітальных слоў вядучыя сустрэчы — загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Кіраўскага цэнтра сацабслугоўвання Ірына Тарабуева і супрацоўнік аддзялення Ірына Старастава запрасілі каманды прадэманстраваць свае здольнасці, таленты і магчымасці падчас удзелу ў конкурсах.
На першым этапе конкурсна-забаўляльнай праграмы “Навагодні кліп” канкурсанты спявалі і танцавалі.
У кожным з аддзяленняў іх наведвальнікі з задавальненнем малююць, вяжуць, вырабляюць сувеніры з бісера і іншых рэчаў. І ўсё гэта яны робяць з вялізнай любоўю, у кожную работу ўкладваюць часцінку сваёй душы. Палюбавацца сувенірамі, зробленымі рукамі інвалідаў, можна было на этапе “Калядная зорачка”.
“Кулінарны паядынак” высветліў лепшую каманду павароў.
Кожнаму з нас калі-некалі ды і хочацца акунуцца ў дзяцінства, прыдумаць сваю казку са шчаслівым фіналам. Удзельнікам “Калядных сустрэч сяброў” была прадастаўлена такая магчымасць на этапе “Навагодняя казка”.
Кожны этап конкурсна-забаўляльнай праграмы чаргаваўся з музычнымі выступленнямі канкурсантаў і гасцей сустрэчы. Як толькі актавую залу пачыналі ахопліваць мелодыі папулярных музычных кампазіцый, удзельнікі калядных сустрэч кружыліся ў танцах, вадзілі карагоды, дарылі адзін аднаму свае шчырыя шчаслівыя ўсмешкі. На гэтым балі дабрыні і цёплых пачуццяў, а менавіта такая атмасфера панавала на працягу ўсёй праграмы, весяліліся і персанажы любімых казак і мультфільмаў, і прынцэсы, і цыгане, і нават “зорка” з замежжа — сама Верка Сярдзючка! Іх ролі ўвасобілі як наведвальнікі, так і спецыялісты цэнтраў сацабслугоўвання насельніцтва.
Кожная каманда была адзначана дыпломам за ўдзел у конкурсах, а пасля Дзед Мароз і Снягурка ўручылі канкурсантам падарункі, на памяць аб добрай сустрэчы быў зроблены агульны фотаздымак. А завяршыліся “Калядныя сустрэчы сяброў” традыцыйнай святочнай дыскатэкай.
У гэтай конкурснай праграме не было пераможцаў і пераможаных, бо дзе пануе любоў, клопат і ўвага — перамагае дабрыня, а дзе дабрыня — там заўсёды свята!
Яўгенія КАРАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.