Кіраўскія хлебапёкі павялічылі асартымент
Хлеб заўсёды быў і сёння застаецца самым запатрабаваным прадуктам. Для таго, каб кожны дзень на сталах спажыўцоў былі хлебабулачныя вырабы, на палетках сельгасарганізацый шчыруюць механізатары: яны сеюць, даглядаюць, убіраюць збажыну, дастаўляюць яе на прыёмныя пункты дзяржавы. Затым на млынкамбінатах са збожжа вырабляюць муку, расфасоўваюць яе і рэалізоўваюць заказчыкам. А ўжо каб выпекчы смачныя вырабы, за справу бяруцца хлебапёкі.
Асартымент назваў прадукцыі, якую выпускаюць работнікі вытворчага аддзела райспажыўтаварыства, значны — звыш 40 адзінак.У сярэднім штомесяц спажыўцам пастаўляецца звыш 145 т хлеба і хлебабулачных вырабаў. Дарэчы, за 9 месяцаў усяго рэалізавана 1341,9 т, што складае 101% да задання.
Кіраўскія хлебапёкі пастаянна працуюць над абнаўленнем асартыменту. Вось і гэтымі днямі ў продаж паступілі 2 віды прадукцыі: хлеб “Ржаное зернышко” і хлеб заварны падавы “Скандинавский”. Кіраўніцтва спадзяецца, што яны, як і ранейшыя разнавіднасці, прыдуцца да спадобы пакупнікам. Аб тым, што прадукцыю вытворчага аддзела ведаюць, яна карыстаецца пастаянным попытам, сведчаць шматлікія дыпломы, медалі з рэспубліканскага конкурсу хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Ласунак”.