Урачыстыя праводзіны прызыўнікоў-кіраўчан
Гісторыя беларускай арміі захоўвае ў сабе доблесны подзвіг і мужнасць нашых салдат і афіцэраў.
Прызыўнікам, якія на мінулым тыдні сабраліся ў відэазале РДК на традыцыйнае мерапрыемства — урачыстыя праводзіны ў армію, ёсць з каго браць прыклад: на Кіраўшчыне пражываюць ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і вайны ў Афганістане, а таксама ўзнагароджаныя ордэнамі і медалямі за ратны подзвіг і працоўныя заслугі. Цяпер рабятам трэба будзе абараняць рубяжы нашай дзяржавы, ахоўваць мірную працу яе грамадзян.
Ужо вядомыя ім і дата адпраўкі, і воінскія часці, у якіх яны будуць служыць. Але ўсё гэта будзе пазней. А ў гэты дзень для іх гучалі пажаданні і выдатныя песні ў выкананні самадзейных артыстаў.
Начальнік адасобленай групы (Кіраўскага раёна) Бабруйскага аб’яднанага гарадскога ваеннага камісарыята маёр Андрэй Гайдукевіч пажадаў рабятам, каб яны з гонарам неслі службу ва Узброеных Сілах Беларусі, былі верныя абавязку і прысязе, заўсёды памяталі аб бацькоўскім доме, і, пасталелыя фізічна і маральна, вярнуліся дадому, на сваю малую радзіму. І адзначыў, што служба ў арміі – пачэсны абавязак кожнага маладога чалавека, мужчыны.
Цёплыя словы прызыўнікам таксама выказалі старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Юрый Сафронаў і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікторыя Бяляўская.
Але ўсё ж такі самыя важныя словы – ад бацькоў. Наталля Зотава, маці аднаго з прызыўнікоў, ад іх імя пажадала будучым абаронцам Айчыны з гонарам прайсці армейскі шлях. І адзначыла, што ўсе бацькі жадаюць атрымліваць толькі падзячныя лісты, бачыць фатаграфіі іх сыноў на Дошцы пашаны, і каб прызыўнікамі Кіраўшчыны ганарыліся ўсе: сябры, родныя і блізкія людзі.
Ад імя будучых воінаў са словам у адказ выступіў Канстанцін Каранкевіч, які даў абяцанне з гонарам служыць Радзіме, захоўваць традыцыі, атрымліваць неабходныя веды, выконваць загады камандзіраў.
Ужо праз лічаныя дні прызыўнікі стануць у строй. І, несумненна, для кожнага з іх гэтая старонка жыцця стане сапраўднай школай мужнасці і таварыскасці…
Настасся ЛОГВІНАВА.
Фота аўтара.