Кіраўскі РВЭС: на сувязі з усім светам
Па выніках штогадовага раённага спаборніцтва сярод арганізацый у галінах транспарту, гандлю, сувязі і сферы абслугоўвання першае месца прысуджана калектыву раённага вузла электрасувязі Асіповіцкага занальнага вузла электрасувязі Магілеўскага філіяла РУП “Белтэлекам”.
Сучасная электрычная сувязь дае магчымасць насельніцтву карыстацца разнастайным спектрам паслуг. Сярод асноўных – шырокапалосны доступ у сетку Інтэрнэт і інтэрактыўнае тэлебачанне. Забеспячэнне паслуг стацыянарнай тэлефоннай сувязі накіравана, перш за ўсё, на захаванне наяўнай абаненцкай базы і прадастаўленне дадатковых сэрвісаў.
Спецыялісты вузла электрасувязі ўводзяць і пашыраюць спектр паслуг на базе новых тэхналогій. Так, новаўвядзеннем з’яўляецца сістэма «Разумны дом», якая прадугледжвае ўстаноўку асобных датчыкаў у кватэры альбо офісе, якія ў момант адсутнасці гаспадара дапамагаюць яму трымаць усё пад кантролем: уключаць і выключаць бытавыя прыборы, назіраць за хатняй жывелай праз відэакамеру, сігналізаваць аб адкрыцці дзвярэй і вокнаў. Адным словам, спецыяльная ўстаноўка дапамагае павысіць камфорт і бяспеку пражывання, дазваляючы быць у курсе розных працэсаў.
Як адзначыў начальнік вузла электрасувязі Аляксандр Ткачоў, РУП «Белтэлекам» – стабільна развіваючаеся прадпрыемства, працаваць тут цікава, з энтузіязмам распрацоўваюцца планы новых праектаў і шляхі іх рэалізацыі.
Аляксандр Сяргеевіч звярнуў увагу на тое, што галоўнае ў іх працы – гэта дружны і згуртаваны калектыў, які налічвае 33 чалавекі. А лепшая ўзнагарода – гэта адсутнасць скаргаў абанентаў, наяўнасць заяў на развіццё сучасных сродкаў сувязі, цеснае і плённае супрацоўніцтва з іншымі арганізацыямі. Таму робіцца ўсё, каб своечасова ліквідаваць любую няспраўнасць, даступна расказаць кліентам пра новаўвядзенні, навучыць карыстацца мадэмамі.