На базе Кіраўскага райпаліўзбыту прайшла выязная абласная калегія УВП “Аблпаліва”
На мінулым тыдні на базе філіяла “Кіраўскі райпаліўзбыт” прайшла выязная абласная калегія УВП “Аблпаліва”. У ёй прынялі ўдзел генеральны дырэктар галаўнога прадпрыемства Васіль Шкрэдаў, яго намеснік Жанна Савіцкая, а таксама дырэктары філіялаў УВП “Аблпаліва” вобласці.
Дырэктар райпаліўзбыта Рыгор Дайнека расказаў аб дзейнасці і фінансава-эканамічных паказчыках узначальваемага ім філіяла. З галоўнай сваёй задачай — забеспячэннем палівам насельніцтва і арганізацыі калектыў спраўляецца паспяхова.
За апошнія гады рэалізацыя дроў і брыкету крыху зменшылася, абумоўлена гэта аб’ектыўнымі прычынамі, у першую чаргу, павелічэннем домаўладанняў, гаспадары якіх падключылі для ацяплення прыродны газ.
Па словах Рыгора Дайнекі, некаторыя жыхары раёна ўжо напрыканцы апошняга зімняга месяца клапоцяцца аб нарыхтоўцы дроў для наступнага ацяпляльнага сезона. Для забеспячэння ўсіх заявак у арганізацыі маецца дастатковы запас і дроў, і брыкету. Акрамя таго, такая гаспадарлівасць кліентаў дазваляе філіялу пазбегнуць чэргаў на паліва перад пачаткам зімы, эфектыўна выкарыстоўваць тэхніку і людскія рэсурсы, працаваць без аўралу.
Сёлета райпаліўзбытам рэалізавана 204,7 т торфабрыкету і 291,1 м3 дроў. Выручка ад рэалізацыі тавараў, работ і паслуг склала 55 тыс. рублёў.
У філіяле маецца 4 адзінкі тэхнікі, на якой дастаўляецца драўніна з лесу, а потым — заказчыкам. На тэрыторыі прадпрыемства вядзецца распілоўка дроў, па жаданні кліентаў — іх колка. Гэты працэс на прадпрыемстве аўтаматызаваны: для чаго быў набыты агрэгат — так званы дрывакол. Удзельнікі семінара мелі магчымасць назіраць яго ў дзеянні. Рабочыя толькі паспявалі адносіць і складваць гатовыя дровы.
— Выдатная машына, — адзначыў Рыгор Дайнека. — Працуе бездакорна. З той пары, як мы яе пачалі выкарыстоўваць, спажыўцы ўздыхнулі з палёгкай, асабліва пенсіянеры: нікога не трэба цяпер прасіць накалоць дроў. Гаспадарам застаецца толькі паклапаціцца аб тым, каб скласці іх.
Калектыў прадпрыемства невялікі — 9 чалавек, працуе вельмі адказна і зладжана, аб чым сведчаць нядрэнныя вытворчыя вынікі, а таксама асабістыя заслугі работнікаў. Па выніках 2016 года калектыў філіяла заняў 2-е месца ў штогадовым раённым спаборніцтве сярод арганізацый транспарту, гандлю, сувязі і сферы абслугоўвання, а таксама ўзнагаро-
джаны Ганаровай граматай УВП “Аблпаліва”. За шматгадовую добрасумленную працу на Дошку гонару галаўнога прадпрыемства занесены дырэктар райпаліўзбыту Рыгор Дайнека і трактарыст-машыніст Уладзімір Бяляўскі. За шматгадовую працу і ўмацаванне сацыяльнага партнёрства Ганаровай граматай абласной арганізацыі прафсаюза Белэнергапаліўгаз узнагароджана галоўны бухгалтар філіяла Таццяна Хлапкова.
Падчас плянарнага пасяджэння генеральны дырэктар УВП “Аблпаліва” Васіль Шкрэдаў са станоўчага боку адзначыў работу Кіраўскага філіяла, у тым ліку і па паляпшэнні бытавых умоў для сваіх работнікаў.
Аб тым, што райпаліўзбыт працуе стабільна, сведчыць і той факт, што на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў ён у пяцёрцы лепшых сярод аднатыпных прадпрыемстваў вобласці.
Людміла СЯМЁНАВА.