У Жыліцкім сельгаскаледжы прайшлі мерапрыемствы да 80-годдзя Магілёўскай вобласці
Ва ўстановах адукацыі раёна праведзены і працягваюць наладжвацца разнастайныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 80-годдзя ўтварэння Магілёўскай вобласці. Не стаў выключэннем і Жыліцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы каледж.
Ва ўсіх навучальных групах прайшлі куратарскія і інфармацыйныя гадзіны, на якіх была агучана інфармацыя аб гісторыі стварэння Магілёўскай вобласці, развіцці рэгіёна, яго здабытках і дасягненнях.
Да юбілейнай даты члены пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” каледжа, а таксама валанцёры атрада “Міласэрнасць” добраўпарадкавалі воінскія пахаванні.
80-годдзю Прыдняпроўскага краю была прысвечана таксама таварысцкая валейбольная сустрэча паміж камандай выкладчыкаў установы адукацыі і іх падапечнымі — зборнай навучэнцаў 3-4-х курсаў. Барацьба выдалася ўпартай. Першая партыя была за малодшымі валейбалістамі. Але ў другой педагогі, паступова перахапіўшы ініцыятыву, давялі адрэзак гульні да лагічнай канцоўкі на сваю карысць.
У вырашальнай партыі вопыт зноў узяў верх. Канчатковы лік — 2:1 на карысць выкладчыкаў. Каманды былі ўзнагароджаны дыпломамі адміністрацыі сельгаскаледжа.