У першым туры чэмпіянату краіны па пляжным футболе каманда “Кіраўск-СДЮШАР” стварыла сенсацыю!
Зусім нядаўна кіраўчане мелі магчымасць акунуцца ў напал відовішчнай спартыўнай барацьбы высокага ўзроўню на арэне для пляжных відаў спорту, калі тут адбыўся матч за Суперкубак Рэспублікі Беларусь па пляжным футболе. А ўжо праз тыдзень пляжнафутбольнае свята зноў вярнулася ў наш горад: тут праходзіў першы тур новага чэмпіянату Беларусі. На працягу двух дзён зноў панавалі спартыўны азарт і бескампрамісная барацьба. Не абышлося без нечаканасцей і сюрпрызаў. На радасць кіраўскіх балельшчыкаў, яны былі прыемнымі…
Сёлетні чэмпіянат праходзіць па новай схеме. 10 каманд падзелены на 2 зоны “Усход” і “Захад”, зыходзячы з геаграфічнага размяшчэння. Спачатку ў некалькіх турах яны будуць высвятляць адносіны паміж сабой. Затым згодна занятых месцаў у сваёй групе сустрэнуцца з сапернікамі паралельнай групы ў суперфінале.
У Кіраўску сустрэліся паміж сабой каманды зоны “Усход”. Кожная ў два гульнявых дні правяла па два паядынкі.
“Кіраўск-СДЮШАР” у першай сваёй гульні сустрэлася з камандай Мазырскай “М-Сіці”. Гаспадары выйшлі на пляцоўку поўнымі рашучасці. Каманда абнавілася ў параўнанні з мінулым годам. Зноў ў саставе з’явіўся адзін з лепшых пляжнікаў краіны Вадзім Бокач, падтрымаць землякоў выйшаў наш вядомы ў вялікім футболе ігрок, які працяглы час выступаў за каманды “Белшына” і “Нафтан” Міхаіл Гарбачоў, узмацніў кіраўчан і лепшы бамбардзір леташняга чэмпіянату Іван Ляцецкі з Мазыра. З’явіліся ў камандзе яшчэ некалькі новых ігракоў. Добра ведаем мы выдатную гульню членаў нацыянальнай зборнай краіны Юрыя Пятроўскага, Арцемія Дразда і іншых нашых хлопцаў. Так што, дружына з Кіраўска выглядала па-сапраўднаму баявой. СДЮШАРаўцы выйшлі ў новай прыгожай форме. У “плюс” было і тое, што дапамагалі родныя сцены і гарачая падтрымка балельшчыкаў.
І наша каманда не падкачала! Прычым, не толькі ў першым матчы. “М-Сіці” не змог стрымаць націск гаспадароў. Двойчы Міхаіл Гарбачоў і па адным разе Іван Ляцецкі, Юрый Пятроўскі, Антон Акуліч і Сяргей Ерамееў “пакрыўдзілі” варатара гасцей. Тыя ж, у сваю чаргу, змаглі толькі двойчы паразіць вароты кіраўчан — 6:2!
Сапраўдным упрыгожаннем першага дня стала сустрэча каманд “Кіраўск-СДЮШАР” і дэбютантам вышэйшай лігі “Волат-Капітал” з Мінска. У паядынку было ўсё: незабітыя пенальці, жоўтыя і чырвоныя карткі, шмат фалоў, стыкаў, небяспечных момантаў. Ніхто з сапернікаў не хацеў саступаць ні сантыметра пяску. Лік на табло нагадваў арэлі. Госці адкрылі лік першымі, але яшчэ да перапынку Міхаіл Гарбачоў і Арцемій Дрозд схілілі вагі ў бок кіраўчан. У другой трэці мінчане аднавілі раўнавагу. Асабліва нярвовым атрымаўся трэці перыяд. Кіраўчане яшчэ тройчы выходзілі наперад дзякуючы дакладным ударам Ляцецкага (двойчы), Дразда і Акуліча, але апаненты зраўнівалі лік. Заканамерным вынікам стала тое, што лёс матча, асноўны і дадатковы час якога завяршыўся з лікам 5:5, вырашыла серыя пасляматчавых пенальці. Больш удалымі аказаліся футбалісты “Кіраўск-СДЮШАР”: трапныя стрэл на рахунку Ляцецкага і Гарбачова.
А на наступны дзень у першым жа паядынку адбылася сенсацыя, і стварылі яе кіраўчане! Супрацьстаяў ім грозны Барысаўскі БАТЭ. Чэмпіён адразу ж узяў ініцыятыву ў свае рукі. Два хуткія мячы ў вароты гаспадароў пляцоўкі гаварылі пра тое, што ў чарговы раз барысаўчане без праблем вырашаць пытанне са сваёй перамогай. Але на гульню з БАТЭ кожны з сапернікаў выходзіць, як на апошні бой. Прынамсі, кіраўчане так і зрабілі. Праявіўшы небывалую волю да перамогі, сабранасць, СДЮШАРаўцы чатыры разы паразілі вароты жоўта-сініх і пад бурныя авацыі кіраўскіх балельшчыкаў святкавалі гістарычную вікторыю з агульным лікам 4:3! Галы ў нашай дружыне на рахунку Дразда (2), Ляцецкага і Акуліча.
Апошні матч тура “Кіраўск-СДЮШАР” праводзіла з уладальнікам Суперкубка Беларусі-2018 зборнай Віцебскай вобласці. Гульня праходзіла на сустрэчных хуткасцях. Галявыя ўзяцці ўдаваліся то ў адных, то ў другіх. Кіраўчане пасля дакладных удараў Ляцецкага, Пятроўскага і зноў Ляцецкага двойчы вялі ў ліку з адрывам у два мячы — 2: 0 і 3:1. Але ці то адбілася стомленасць пасля выматваючага паядынку з БАТЭ, ці то фартуна адвярнулася, але мяч упарта не ішоў пасля мноства ўдараў у вароты віцяблян. А тыя ж, наадварот, удачу злавілі. Канчатковы лік — 3:5 на карысць гасцей.
І ўсё ж нават гэтае паражэнне не сапсавала агульнай карціны ад выступлення “Кіраўск-СДЮШАР”. Наша каманда паказала характар, рашучасць, яркі, камбінацыйны футбол і пасля першага тура займае ў зоне “Усход” з 7 ачкамі 2 месца, на 2 саступаючы БАТЭ, які прайграў толькі Кіраўску. Астатнія каманды ў актыве маюць толькі па 3 ачкі.
Аляксандр ХАХЛОЎ. Фота аўтара.