Ушанавалі ветэранаў працы Кіраўшчыны

Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Антаніна Смятана і старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Ставер наведалі шэраг ветэранаў працы, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны раёна, з віншаваннямі, падарункамі, а таксама кожнаму быў уручаны нагрудны знак Кіраўскай раённай прафсаюзнай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК “За добрасумленную працу”, заснаваны сёлета.
Мікалая Васільевіча Чмару віншавалі і з 80-гадовым юбілеем, які ён адзначаў 1ліпеня. Да гасцей далучылася кіраўніцтва райаграпрамтэхзабеспячэння: калектыў гэтай арганізацыі ў свой час узначальваў сённяшні ветэран працы. Дырэктар Лявонцій Кушавараў і яго намеснік па ідэалагічнай рабоце Ганна Бяляўская ўручылі Мікалаю Васільевічу Падзячнае пісьмо, Антаніна Смятана – Грамату ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама за шматгадовую плённую, бездакорную працу ў сістэме АПК, падарункі, кветкі.
На Кіраўшчыне М.В.Чмара таксама працаваў у раённым аграпрамысловым аб’яднанні, у тагачасным СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага кіраваў кансервавым заводам, дзе праяўляліся яго імкненне як мага лепш наладзіць справу, забяспечваць эфектыўнасць вытворчасці.
Госці наведаліся да Васіля Барысавіча Таркана ў аг.Баравіца. Ветэран працы прысвяціў сельскагаспадарчай галіне шмат год жыцця, у прыватнасці, быў дырэктарам саўгасаў імя Кірава, “Бераснёўскі”, дзе забяспечваўся належны ўзровень гаспадарання. Успамінаючы былыя часіны, Васіль Барысавіч падкрэсліў, што вялікая ўвага надавалася будаўніцтву аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры, жылля.
З задавальненнем ён прымаў віншаванні, шчырыя пажаданні. А, між іншым, з гонарам паказаў дагледжаны і багаты на сельгаскультуры прысядзібны ўчастак.
Далейшы шлях ляжаў у аг.Барсукі, дзе ўшанавалі Віктара Васільевіча Крэса (на верхнім фота): ён 23 гады быў старшынёй калгаса імя Куйбышава (зараз КСУП “Ніва-Барсукі”), куды прыйшоў з пасады галоўнага агранома суседняй гаспадаркі “Чырвоны баец”.
Да Віктара Васільевіча ў момант віншаванняў пад’ехаў яго пераемнік на старшынёўскай пасадзе Іван Рыняк. Завязалася размова пра былыя гады. Гаспадар нагадаў, як стараліся звяртаць увагу на новыя тэхналогіі ў сельскай гаспадарцы. Яго вельмі задавальняе, што сёння КСУП “Ніва-Барсукі” працуе ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі, з’яўляецца адной з лепшых гаспадарак раёна. Абмеркавалі тэму прадстаячага жніва, тое, які чакаецца ўраджай хлеба.
В.В.Крэс у адказ на пажаданні ў яго адрас выказаў удзячнасць за ўважлівыя адносіны да ветэранаў працы.
У аг.Мышкавічы Антаніна Смятана і Віктар Ставер віншавалі Аляксандра Максімавіча Бяляўскага, які шмат год сваёй працоўнай біяграфіі прысвяціў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”: з 1975 года добрасумленна, плённа працаваў трактарыстам-машыністам, займаючы перадавыя пазіцыі ў спаборніцтвах на рэспубліканскім, абласным, раённым узроўнях. Не адно жніво ў памочніках камбайнера была яго жонка Людміла Уладзіміраўна.
Як адзначыў Віктар Ставер, тое, што сёння рассветаўскія маладыя камбайнеры становяцца лідарамі ў вобласці, рэспубліцы, безумоўна, заслуга старэйшага пакалення, якое перадало і перадае ім свае навыкі, традыцыі, рыхтуючы дастойную змену.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота аўтара
і Максіма МІКЕШЫНА.