Якасці дарог – належную ўвагу! – Кіраўскае ДРБУ-197
Штодзённая праца работнікаў дарожнай службы раёна, якую прадстаўляе КУП “Магілёўаблдарбуд” ДРБУ-197, накіравана на тое, каб у нас была магчымасць бяспечнага і камфортнага перамяшчэння па дарогах.
Кожны год кіраўскія дарожнікі выконваюць значныя аб’ёмы работ на аб’ектах раёна, і бягучы не выключэнне. Сёлета работнікі арганізацыі правялі толькі ямачны рамонт дарог на 3300 м2, і гэтыя работы працягваюцца.
Таксама актыўна вядзецца ўладкаванне асфальтабетоннага пакрыцця на асобных участках дарог. Так, сёлета рамантавалася дарожнае пакрыццё на ўчастках Кіраўск – Добасна, Новы Гарадок – Стайкі – Чыгірынка. Зараз работы ідуць на ўчастку Шырокае – Барсукі – Лешчанка. У сёлетніх планах супрацоўнікаў ДРБУ-197 таксама ўкладка асфальтабетоннага пакрыцця на ўчастках у Жылічах, Лёўкавічы – Няптун, Стаўпішчы – Казулічы – Уласавічы.
Матэрыялы для ўкладкі дарог, як і рамонтныя работы, выконваюцца ў арганізацыі выключна ўласнымі сіламі. На асфальтабетонным заводзе “Сугроб” вырабляецца асфальт, рамонт дарог ажыццяўляецца з выкарыстаннем спецыяльнай устаноўкі “Тайфун”. Якасці ўсіх праводзімых работ надаецца належная ўвага.