Касіць ці не касіць?
Пытанне рытарычнае
Участак зямлі, заросшы травой, выглядае па-рознаму: калі гэта сельгасугоддзі, і там высокі травастой – душа радуецца, асабліва пры сёлетнім надвор’і; калі ж гэта проста безгаспадарлівасць, то справа прымае зусім іншы кірунак, а прасцей кажучы, выглядае непрэзентабельна…
Любы паважаючы сябе гаспадар, рыхтуючыся да свята, як мінімум прыбіраецца ў хаце, на двары. Менавіта так было і ў Кіраўску перад Днём горада, які святкаваўся 10 чэрвеня. Гарадскія арганізацыі, кіраўчане наводзілі санітарны парадак, добраўпарадкоўвалі райцэнтр. Толькі не ўсе аднесліся адказна да гэтага. Вось такую карціну (на фота) і сёння можна назіраць каля магазіна «Тры цаны», што па вуліцы Пушкінскай. Да слова, гэты ўчастак не ўпершыню трапляе ў поле зроку рэдакцыі і наведвальнікаў гандлёвага аб’екта.
Магчыма, прычынай такой карціны з’яўляецца “нявопытнасць” гаспадара ці работнікаў магазіна, які з’явіўся ў нас нядаўна, а магчыма, і што іншае. Пасля высвятлення ўсіх абставін, мы абавязкова апавясцім нашых чытачоў.