Урачыстае адкрыццё дзіцячай пляцоўкі адбылося ў Кіраўску
Лета – цудоўная пара года! Дзеці шмат часу праводзяць на свежым паветры, актыўнічаюць падчас рухомых гульняў і забаў. Новая гульнявая лакацыя для актыўнага дзіцячага адпачынку з’явілася ў Кіраўску ў двары паміж будынкам інтэрната №4 по вул.Карла Маркса і шматкватэрным домам №15 па вул.Гагарына.
Урачыстае адкрыццё дзіцячай пляцоўкі адбылося ў рамках святкавання Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Звяртаючыся да прысутных – дзятвы, іх бацькоў, прадстаўнікоў раённай улады, кіраўнікоў і калектываў арганізацый горада, старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Сакадынец адзначыла: “Дзеці, калі праводзяць час вось на такіх пляцоўках, не толькі гуляюць, але і далучаюцца да заняткаў фізічнай культурай і спортам, што дазваляе ім быць больш здаровымі і фізічна развітымі”.
Асаблівыя словы ўдзячнасці Алена Аляксандраўна выказала ў адрас старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі, па ініцыятыве якога новыя дзіцячыя пляцоўкі ўладкоўваюцца ў кожным раёне Прыдняпроўскага краю, а таксама калетыву ДРБУ-197, які прымаў непасрэдны ўдзел у добраўпарадкаванні новай гульнявой лакацыі.
Дырэктар ДРБУ-197 Віталь Токараў таксама меў слова. Ён заклікаў дарослых вучыць дзяцей берагчы тое, што робіцца дзяржавай дзеля іх цікавага і карыснага адпачынку.
Будаўніцтва дзіцячых і спартыўных пляцовак, добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый – добрая традыцыя ў Кіраўску, якая рэалізуецца пад куратарствам дэпутацкага корпуса. Дадзеная пляцоўка – другая з запланаваных да ўвводу трох дзіцячых лакацый у горадзе ў бягучым годзе.
Пасля ўрачыстага адкрыцця хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі ўдзел у забаўляльнай праграме і з цікавасцю і радасцю пачалі асвойваць гульнявыя элементы.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.