Кніга “Наша Перамога” з матэрыяламі ў гады вайны на тэрыторыі Кіраўскага раёна з’явілася ў цэнтральнай бібліятэцы
Дакументальна-мастацкая кніга “Наша Перамога” прысвечана падзеям Вялікай Айчыннай вайны, гераічнаму подзвігу беларускага народа, які змагаўся разам з брацкімі народамі былога СССР супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У кнізе выкарыстаны як арыгінальныя матэрыялы, так і матэрыялы з перыядычнага друку розных гадоў, а таксама фотадакументы з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва. Кніга складаецца з раздзелаў: “Горкі час роднай зямлі. 1941”, “Свабода здабывалася ў змаганні. 1942-1943”, “І зноў ты свабодна, зямля беларуская! 1944”, “Помніць свет уратаваны. 1945”, дзе з дакладнай паслядоўнасцю падабраны матэрыялы.
У стварэнні кнігі акрамя ветэранаў вайны прынялі ўдзел пісьменнікі, журналісты, гісторыкі, вучоныя, педагогі, школьнікі. Характэрна, што ў кнізе пра вайну, пра свой народ, пра лёсы сваіх бацькоў і дзядоў, якія ваявалі з фашызмам, разважаюць іх дзеці і ўнукі. У гэтым бачыцца добры знак: памяць народа бессмяротная… Людзі прыносілі лісты, дзённікі, фотаздымкі, успаміналі тое, што маглі ўспомніць, пераказвалі тое, што чулі ад сваіх бацькоў. І гэта яшчэ адно сведчанне таго, што няма безыменнай славы. Складальнікамі кнігі сталі: пісьменнік-зямляк Уладзімір Саламаха і ўраджэнец Глускага раёна, дзіця вайны, карэспандэнт ваеннай газеты “Во славу Родины” Міхаіл Кадзет.
У кнігу ўвайшлі матэрыялы аб дзеяннях у гады вайны на тэрыторыі Кіраўскага раёна і ўраджэнцах раёна, якія сваёй самаахвярнасцю, мужнасцю, духоўнай чысцінёй адстойвалі ў неймавернай цяжкай барацьбе гонар, свабоду і незалежнасць Айчыны.
Генетычнай, родавай, кроўнай повяззю звязаны мы з тымі гадамі і па праве гаворым сёння ад імя пра-
дзедаў, дзядоў і бацькоў сваіх: гэта наша Перамога!
Запрашаем жыхароў раёна пазнаёміцца з кнігай “Наша Перамога”. Яна прадстаўлена адзіным экзэмплярам у чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі.