Прадстаўнікі Кіраўшчыны — на адкрыцці дабрачыннай акцыі “Нашы сэрцы — дзецям!”
На мінулым тыдні ў г.Мінску адбылося ўрачыстае адкрыццё навагодняй дабрачыннай акцыі Беларускага дзіцячага фонду “Нашы сэрцы — дзецям”, якая сёлета праводзіцца ўжо ў 25-ты раз у межах агульнарэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці”.
У мерапрыемстве, якое прайшло ў тэатры караоке “Багема” прынялі ўдзел 70 дзяцей-сірот з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу з розных абласцей рэспублікі, у тым ліку і з нашага раёна — рабяты з дзіцячых дамоў сямейнага тыпу Л.Д.Калінкінай і А.В.Шашко.
Па водгуках удзельнікаў, ім падарылі сапраўдную навагоднюю казку з Дзедам Марозам, Снягуркай, жывой аленіхай, рознымі пераўтварэннямі і многімі іншымі сюрпрызамі!
Заапарк “Сірын” прадаставіў хлопчыкам і дзяўчынкам магчымасць сустрэцца з сапраўднай паўночнай аленіхай Ангарой, што выклікала бурныя эмоцыі дзяцей.
Ангара з задавальненнем давала сябе пагладзіць па рагатай галаве, пушыстых баках, пазіравала жадаючым яе сфатаграфаваць. Некаторым нават пашчасціла пакатацца на аленісе.
На галоўнай пляцоўцы свята былі конкурсы, гульні, карагоды, усіх літаральна захапіла навагодняя мішура падзей. Сумаваць не далі нікому. Гэтаму спрыяў
удзел у свяце мімаў і клоўнаў, што яшчэ больш узнімала і без таго вясёлы настрой гасцей.
Працавалі майстар-класы ад валанцёрскага клуба “СЛОН”, дзе старэйшыя рабяты вучыліся рабіць вітыя навагоднія свечкі і аб’ёмныя паштоўкі, а малодшыя — фігуркі жывёлы з паветраных шароў.
Творчую частку арганізавала кіраўнік творчай майстэрні рознажанравага вакалу “Трыумф-арт” Марына Куцко і яе вучні.
Запомніліся нашым рабятам чароўныя мыльныя пухіры студыі святаў “ТИНКИВИНКИ” і выступленні вядомых артыстаў — пераможцы конкурсу “Песня года Беларусі” Дзмітрыя Каралёва і ўдзельніка адборачнага тура “Еўрабачання-2017” Шыра.
Як падкрэсліла ў размове Ларыса Калінкіна, яркія ўспаміны і чароўная атмасфера свята надоўга застануцца ў сэрцах і рабят, і дарослых, якія пабывалі ў сапраўднай казцы!