21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы
Вучні 5 «В» класа СШ №1 г.Кіраўска разам з класным кіраўніком настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Л.Ф.Бярозка
«Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова…»
Я з маленства пачаў цікавіцца роднай мовай, гісторыяй, шукаючы адказ, хто мы, беларусы? Шмат цікавых песень праспявала, шмат прыказак і прымавак перадала мне мая бабуля Таццяна, якія я меў звычку занатоўваць ў сшытачак. Мяне з таго часу не пакідае ўражанне: якая ж важкая памяць у простых людзей – на жыццёвую мудрасць, на прыгожыя слоўцы, на розныя гісторыі. Потым ужо сам неаднойчы “запісваў Народ” у шматлікіх фальклорных і дыялекталагічных экспедыцыях.
І даўно ўжо зразумеў, што галоўная мая мова – беларуская. Яна – аснова не толькі нацыянальнай культуры, але і існавання нацыі, наша галоўная сакральная каштоўнасць. Гэта той самы надзейны код, які здольны адчыняць дзверы ў малую і вялікую Радзіму, у свет, у культурную прастору.
Мова – гэта шматвекавая гісторыя народа, шматпакутны шлях цывілізацыі і культуры. Таму ў ХХІ стагоддзі мы павінны ўсведамляць, што вывучэнне і зберажэнне матчыных слоў з’яўляецца не нейкім хобі асобных культуралагічных таварыстваў, не клубнай забавай ці нейкай паўгадзінкай на гуртку, а жыццёвай необходнасцю. Мы павінны зберагаць не толькі літаратурную мову, але і дыялектныя словы, а іх, дарэчы, у беларускага народа прапісана тысячы і тысячы. Кожны раён вылучаецца сваімі мілагучнымі і непаўторнымі гаворкамі, нават у межах аднаго паселішча вяскоўцы нярэдка размаўляюць трошкі інакш.
Сёння наша мова праяўляе высокую ступень жыццёвасці, актыўна трапляе ў сучасныя сферы ўжытку – рэкламу, інтэрнэт–прастору. І гэта сведчыць пра яе рэальную запатрабаванасць, жаданне людзей ёю карыстацца. Нездарма вялікі сын Беларусі Уладзімір Караткевіч сцвярджаў: “Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе, хто забыў сваю мову – усё згубіў”.
Незвычайнае хараство і гармонія чуюцца нам у гучанні роднага слова. Мова ўплывае на наша мысленне, кроўным чынам звязана з нацыянальным духам. Перакананы, сапраўдная любоў да сінявокай Беларусі немагчыма без любові да матчынага слова.
Знакаміты першадрукар Францыск Скарына казаў: “Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў”. Скарына і Біблію ствараў па-беларуску.
Галоўны ўрок цывілізацыі – трэба жыць са сваёй мовай. Як жылі нашы продкі ў мінулыя стагоддзі, а нам жыць у ХХІ стагоддзі!
Мова будзе і заўтра працягваць расказваць нашым нашчадкам, адкуль прыйшлі беларусы і куды крочылі.
Канстанцін КАРНЯЛЮК.
Фота Максіма Мікешына.