“Быць улюбёнай у сваю справу — значыць быць шчаслівай”
Разгледзець у кожным сваім вучні яго здольнасці, магчымасці, накіраваць іх у патрэбнае рэчышча асноўная задача педагога, як лічыць настаўніца працоўнага навучання СШ №1 Алена Уладзіміраўна Пархамовіч. Адной з самых запатрабаваных і высакародных прафесій яна прысвяціла 16 гадоў.
Для А.У.Пархамовіч яе прафесія — сэнс яе жыцця. Яе добрасумленная праца адзначана прэміяй фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных вучняў.
“Што можа быць лепшым, чым бачыць, што твой вучань пераўзышоў у ведах і навыках свайго настаўніка?”
А.У.Пархамовіч заўсёды імкнецца раскрыць індывідуальныя схільнасці кожнага даверанага ёй вучня, стварыць умовы для развіццяяго творчых здольнасцяў. Яскравым сведчаннем таму з’яўляюцца неаднаразовыя перамогі яе выхаванак Марыны Заркевіч і Юліі Багданавай на раённых, абласныхі рэспубліканскіх алімпіядах па працоўным навучанні. Дзяўчыны з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Марына і Юлія ўжо закончылі школу, працягваюць навучанне ў ВНУ, а Алена Уладзіміраўна, як нястомны чараўнік, зноў імкнецца да таго, каб на небасхіле творчых дасягненняў з’явіліся новыя зорачкі.
Менавіта дасягненні выхаванцаў лічыць педагог вышэйшай узнагародай сваёй працы — што можа быць лепшым, чым бачыць, што твой вучань пераўзышоў у ведах і навыках свайго настаўніка? Гэта значыць толькі адно — ты ўсё зрабіў правільна.
Нарадзілася А.У.Пархамовіч у в.Глыбокавічы ў сям’і настаўнікаў. Яе бацька Уладзімір Міхайлавіч і маці Святлана Пятроўна прысвяцілі самай гуманнай у свеце прафесіі ўсё сваё жыццё. Па іх слядах пайшлі і дочкі Алена і Наталля.
Для А.У.Пархамовіч ніколі не паўставала пытанне аб выбары будучай прафесіі — канешне ж, педагог. Марыла дзяўчына стаць настаўнікам пачатковых класаў, аднак, як гаворыцца, лёс распарадзіўся па-іншаму: пасля заканчэння СШ №1 з сярэбраным медалём у Алены з’явілася магчымасць паступіць без іспытаў на факультэт абслугоўваючай працы і фізікі Мазырскага педінстытута, чым яна і скарысталася. І ніколі аб гэтым не пашкадавала.
“Быць сапраўднымі гаспадынямі”
Пасля заканчэння навучальнай установы маладая настаўніца вярнулася ў родную школу і з таго часу вучыць дзяўчынак важнай аксіёме жыцця — быць сапраўднымі гаспадынямі.
Самым галоўным у сваёй прафесіі А.У.Пархамовіч лічыць знайсці магчымасць абудзіць у рабят інтарэс да творчасці. А для гэтага, на думку Алены Уладзіміраўны, настаўніку неабходна ўмець заўсёды знаходзіць з вучнямі агульную мову, захоўваць аптымізм і любоў да іх, умець зацікавіць рабят сваімі ідэямі,скіраваць іх на прадуктыўную дзейнасць, павесці за сабой.
А яшчэ А.У.Пархамовіч любіць сваю работу за непрадказальнасць, за тое, што кожны дзень не падобны на іншы і прыносіць новыя ўражанні, адкрыцці і дасягненні.
Людміла СЯМЁНАВА