90 гадоў: наш раён – наш дом
Для чалавека 90 гадоў – гэта ўзрост мудрасці і вопыту, час, калі за плячыма нямала пражытага, напоўненага радасцямі і цяжкасцямі, дасягненнямі і стратамі. Гэта дае права дзяліцца сваім вопытам з маладымі.
А для раёна 90 гадоў – гэта этап сталасці, калі ўжо ёсць трывалы падмурак, на якім можна будаваць будучыню. Але гэта таксама і падстава задумацца аб тым, што трэба будзе зрабіць у наступныя дзесяцігоддзі, каб раён заставаўся утульным, сучасным і спрыяльным месцам для жыцця.
Добры дзень, дарагія падпісчыкі, чытачы раённай газеты!
Я рада вітаць вас на старонках нашага выдання.
Зусім нядаўна мы праводзілі стары і сустракалі новы год, аналізавалі зробленае і будавалі планы… А ўжо скончыўся першы месяц года, і трэба перагледзець сваё становішча ў часе і зразумець, наколькі блізкія мы да тых мэтаў і задач, якія ставілі перад сабой. Гэта момант для ўсведамлення, што час не стаіць на месцы, і важна сачыць за тым, як мы рухаемся наперад, з якой хуткасцю і з якімі вынікамі.
2025 год у гісторыі Кіраўскага раёна асаблівы, юбілейны. Нашы дасягненні і поспехі ўвойдуць у гісторыю раёна, стануць часткай яго багатай спадчыны. Кожнаму з нас варта задумацца, што ён можа і павінен зрабіць для далейшага развіцця сваёй малой радзімы.
12 лютага наш раён будзе адзначаць значную дату – 90 гадоў з моманту свайго заснавання. Як бы ні было добра ў вялікіх гарадах, тыя, хто нарадзіўся тут, на Кіраўшчыне, заўсёды рады сюды вярнуцца. Гэта ісціна, якая нічым не вытлумачальная. Мабыць, гэта ў нас у крыві, закладзена самой прыродай: чалавек вяртаецца туды, дзе яму было добра, дзе яго дом, дзе магілы яго продкаў.
За гады свайго існавання раён прайшоў шлях ад невялікага пасёлка да сучаснага кутка нашай краіны. З кожным годам змяняецца аблічча вуліц, добраўпарадкоўваюцца двары, дзіцячыя і спартыўныя пляцоўкі, з’яўляюцца на свет новыя жыхары раёна, якія з гонарам называюць яго сваім домам.
Наш раён – гэта не проста месца на карце. Гэта месца, дзе мы жывём, працуем, гадуем дзяцей. Гэта наш дом, і мы ўсе – яго частка. Тут ствараліся традыцыі, умацоўваліся каштоўнасці. Гісторыя раёна – гэта гісторыя яго людзей, іх працы і дасягненняў, іх клопатаў і імкненняў. І вельмі важна, каб мы ведалі і шанавалі гэтую гісторыю, перадавалі яе з пакалення ў пакаленне.
Кожны з нас можа ўнесці свой уклад
у развіццё раёна, і хай гэта будуць невялікія крокі – падтрымка чысціні, удзел у грамадскіх мерапрыемствах, дапамога суседзям. Усё гэта важна і каштоўна, бо менавіта такія рэчы робяць наш раён па-сапраўднаму актыўным, утульным і цёплым.
Давайце разам захоўваць і развіваць традыцыі, якія былі закладзены да нас, і ствараць новыя. Няхай кожны юбілей будзе для нас не толькі нагодай для свята, але і напамінам пра тое,
што мы – не проста жыхары раёна, а сапраўдныя яго гаспадары і будаўнікі.
Дарагія сябры!
У юбілейны для нашага раёна год я хачу падзякаваць, перш за ўсё, што вы па-ранейшаму з намі, з “Кіраўцам”, якому, дарэчы, 17 сакавіка таксама споўніцца 90 гадоў, але аб гэтым потым…
Я звяртаюся да ўсіх кіраўчан з просьбай: напэўна, у кожнага з вас ёсць свая гісторыя, свой погляд на тое, як мяняўся раён, якія людзі тут працавалі. Можа ў сямейных фотаархівах у кагосьці захаваліся фатаграфіі, якія адлюстроўваюць жыццё раёна ў розныя перыяды часу і якімі вы можаце падзяліцца. Мы заклікаем вас таксама падзяліцца сваімі ўспамінамі, уражаннямі, расказаць, як вы бачыце наш раён сёння і што хацелі б пакінуць для будучых пакаленняў. Вашы гісторыі важныя, бо менавіта яны складаюць жывую тканіну гісторыі нашага раёна. Мы будзем рады пачуць іх! Не саромейцеся падзяліцца вашымі думкамі, мы гатовы даць вам пляцоўку для гэтага. Магчыма, вашы ўспаміны або назіранні дапамогуць нам не толькі зразумець, што было важна ўчора, але і што мы павінны пакінуць для заўтрашняга дня. Няхай наш раён працягвае квітнець, а мы будзем ганарыцца тым, што жывём тут.
З павагай, Галіна РУСЕЦКАЯ,
галоўны рэдактар раённай газеты “Кіравец”.