Адкрыйце сэрцы дабрыні!
Мець сапраўдных сяброў, якія заўжды падтрымаюць у цяжкія хвіліны, шчыра раздзеляць радасць ад прыемных падзей, вельмі важна для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. І такіх сяброў яны знаходзяць у асобе сацыяльных работнікаў: ужо некалькі гадоў пры цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуюць аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў, дзе іх наведвальнікам дапамагаюць праявіць свае творчыя здольнасці, не страціць веру ў сябе, адчуць сваю запатрабаванасць.
А прадэманстраваць свае здольнасці і таленты гэтыя маладыя людзі з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны маюць магчымасць на фестывалі “Калядныя сустрэчы сяброў”, які штогод наладжвае Кіраўскі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Надзвычай шчырае, напоўненае самымі станоўчымі эмоцыямі свята рабяты вельмі любяць і з нецярплівасцю чакаюць, карпатліва рыхтуюцца да конкурсаў, якія ўключае праграма мерапрыемства. З гадамі кола сяброў фестывалю пашыраецца: сёлета, напрыклад, да ўдзельнікаў з Магілёўшчыны далучылася каманда з г.Светлагорска Гомельскай вобласці.
На “Калядныя сустрэчы сяброў-2014”, якія адбыліся ў танцавальнай зале санаторыя імя К.П.Арлоўскага, завіталі намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандр Румак і старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама Святлана Тарасенка. У ліку гасцей была і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Круцько.
Аляксандр Румак атрымаў запрашэнне на фестываль падчас рэспубліканскага семінара, які праходзіў у жніўні на базе Кіраўскага і Бабруйскага раёнаў, і з задавальненнем на яго адгукнуўся. І, як прызнаўся, з першых хвілін сустрэчы ім валодадаў цудоўны настрой. “Калядныя святы, — адзначыў Аляксандр Румак , — якраз час, калі нараджаюцца мары. Людзі з асаблівасцямі развіцця таксама аб многім мараць і жадаюць, каб іх спадзяванні збыліся. Яны маюць розныя захапленні, жадаюць многаму навучыцца, сябраваць, і ў гэтым ім ідуць насустрач спецыялісты раённых і тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: іх самаадданая праца, міласэрнасць, чалавекалюбства заслугоўваюць вялікай удзячнасці”.
Святлана Тарасенка, вітаючы прысутных, адзначыла, што дзякуючы фестывалю, які сёлета праводзіцца ў чацвёрты раз, рабяты з розных рэгіёнаў пасябравалі. Кіраўскі раён, заўважыла Святлана Пятроўна, дастойна пачынае Год гасціннасці і падзякавала выканаўчай уладзе і арганізатарам фестывалю за шчыры, гасцінны прыём. А каб падсалодзіць настрой каманд, уручыла ім торты.
Аляксандр Румак узначаліў журы фестывалю, і яго вядучая — загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў РЦСАН Ірына Тарабуева дала старт конкурсам. У розных намінацыях аспрэчвалі першынство сем каманд раённых і тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва: Магілёўскага — “Сузор’е”, Ленінскага і Першамайскага раёнаў г.Бабруйска — “Ліманад” і “Мандарыны”, Бабруй-скага — “Сняжынкі”, Клічаўскага — “Вясёлка сэрцаў”, Светлагорскага — “Карагод”, Кіраўскага — “220 ват!” Як бачна, назвы каманд, як і настрой удзельнікаў, былі вясёлымі, аптымістычнымі, светлымі.
Паколькі назва мерапрыемства — “Калядныя сустрэчы сяброў”, і тэматыка конкурсаў была адпаведнай — калядна-навагодняй. У першым конкурсе “Навагодні кліп” прапаноўвалася праявіць таленты ў танцавальным, вакальным і паэтычным жанрах. Кіраўчане расчулілі ўсіх лірычнай танцавальнай кампазіцыяй на зімовую тэму. Відовішчнымі і цікавымі былі выступленні іншых каманд.
Конкурс “Навагоднія цацкі”, у ходзе якога каманды прадаставілі зробленыя сваімі рукамі ўпрыгожванні для ёлкі, прадэманстраваў, наколькі рабяты могуць неадмыслова, крэатыўна мысліць і ўсё гэта ўвасабляць на практыцы. Зробленыя імі ёлачныя цацкі проста зачароўвалі.
А якое ж свята без багатага стала, тым больш навагодняе і каляднае, дзе проста бруіць самая неверагодная фантазія ў стравах і аздабленні. Стравы, падрыхтаваныя ўдзельнікамі на конкурс кулінараў “Навагодні стол”, можна было без перабольшвання называць творамі мастацтва. А калі дадаць лірычнае або гумарыстычнае — як у каго — прадстаўленне страў — тут цяжка было ўтрымацца, каб іх не пакаштаваць. Удзельнік каманды “Сузор’е” так і пры-знаўся ўсім, што ледзь не з’еў торт, які выносіў на суд журы…
Па ўмовах завяршальнага конкурсу “Навагодняя казка” камандам трэба было паказаць тэатралізаванае прадстаўленне, перайначыўшы знаёмыя казкі ці сюжэты на новы лад. Артыстызм удзельнікаў, уменне пераўвасабляцца проста захаплялі, як і зробленыя іх рукамі касцюмы.
Не пакінула нікога раўнадушным “Навагодняя сінема” ад кіраўчан, уяўляючая сабой музычнае папуры на фільмы Леаніда Гайдая. Рабяты ўвасобілі на сцэне герояў кінастужак “Каўказская палонніца”, “Іван Васільевіч мяняе прафесію”, “Брыльянтавая рука”. Яны былі вельмі пазнавальнымі, а гучаўшыя крылатыя фразы з фільмаў паўтарала ўся зала.
Пакуль журы падводзіла вынікі, удзельнікі фестывалю весяліліся на славу: вадзілі карагоды, танцавалі пад суперсучасныя мелодыі. Некаторым юнакам і дзяўчатам цяжка было рухацца з прычыны абмежаванасці іх фізічных магчымасцей, але яны былі разам з усімі. І столькі радасці і шчасця вылучалі іх вочы! Яны адчувалі сябе сапраўднымі героямі свята, былі ў цэнтры ўвагі, сярод сяброў і аднадумцаў, а гэта дарагога каштуе. І шчырую павагу і прыхільнасць выклікала тое, што нягледзячы на многія перашкоды, такія людзі даказваюць усім і перш за ўсё сабе, што ім па сілах весці актыўны лад жыццця.
“Гэта вельмі добрае свята, — адзначыў Аляксандр Румак перад тым, як абвясціць вынікі конкурсаў. — Я атрымаў вялікае задавальненне і шмат станоўчых эмоцый. Убачыў, якія вы таленавітыя, здольныя, жыццялюбівыя.” Аляксандр Андрэевіч перадаў камандам вялікі кошык з фруктамі.
Далей былі названы пераможцы конкурсаў: “Навагодні кліп” — Магілёўскі РЦСАН; “Навагоднія цацкі” — Ленінскі раён г.Бабруйска; лепшымі кулінарамі былі прызнаны светлагорцы; ну, а навагодняя гісторыя на новы лад, на думку журы, лепш удалася кіраўскай камандзе.
Былі таксама адзначаны: за артыстым — каманда з тэрытарыяльнага цэнтра Першамайскага раёна г.Бабруйска, за ўменне ствараць — Клічаўскага РЦСАН, за знаходлівасць — Бабруйскага РЦСАН.
Усе каманды атрымалі дыпломы і падарункі. Членамі журы былі адзначаны і асобныя ўдзельнікі: Павел Марцючэнка з каманды кіраўчан за ролю Шурыка ў “Каўказскай палонніцы”, Марыя Кажамяка з Магілёўскага РЦСАН за ролі лялькі і цыганачкі, Таццяна Белая — вясёлая ёлачка з інсцэніроўкі светлагорцаў. На добрую памяць ім былі ўручаны мяккія цацкі.
Намеснік старшыні райвыканкама Галіна Слабоднікава, звяртаючыся да ўдзельнікаў фестывалю, адзначыла, што яны — заўсёды жаданыя госці на кіраўскай зямлі, пажадала і надалей развіваць свае творчыя здольнасці, знайсці сябе ў жыцці і мець побач надзейных, добрых сяброў. Ад аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Кіраўскага РЦСАН гасцям былі ўручаны работы, зробленыя рукамі яго таленавітых выхаванцаў.
Словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас спонсараў свята: ЗТАА “Кіраўскі харчовы камбінат”, райспажыўтаварыства, СВК “Чырвоны баец” і “Калгас “Ніва”, раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, раённых структур ААТ “ААБ Беларусбанк” і ААТ “Белаграпрамбанк”, вузла электрычнай сувязі, прадпрымальнікаў Васіля Бацяна, Вольгі Іваніцкай, Алены Каранкевіч, Галіны Зайцавай, а таксама СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, санаторый якога шчыра прымаў сёлетні фестываль.
У гэты момант нагадаліся вершаваныя радкі: «Добро — как чистый воздух на земле, не может быть излишним и напрасным…» Давайце дарыць дабрыню і аказваць падтрымку людзям, якія маюць у гэтым асаблівую патрэбу. Магчыма, ад нашага ўдзелу праблем у іх стане менш, а жыццё будзе больш светлым і радасным.
Наталля ХАДАКОВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.
На здымках: моманты свята.