Быць лідарам — гэта ганарова і адказна!

Раённы агляд-конкурс “Лідар-2014” прайшоў на базе Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Мэтамі яго правядзення з’яўляюцца выхаванне пачуцця грамадскай адказнасці ў дзяцей і падлеткаў, стымуляванне работы лідараў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, органаў самакіравання, удасканалення форм і метадаў арганізацыі дзейнасці лідарскага руху. У конкурсе прынялі ўдзел 8 вучняў-лідараў з устаноў адукацыі горада і раёна: Максім Каранкевіч з СШ №1, Кірыл Дрозд з гімназіі г.Кіраўска, Уладзіслаў Юхноўскі з Паўлавіцкай СШ імя Р.А.Худалеева, Вераніка Іларыёнава з Жыліцкай СШ, Ганна Слабукова з Барчыцкага НПК ДССШ, Таццяна Калістратава з Баравіцкай СШ, Віялета Пароцікава з Дабаснянскай СШ, Анастасія Кашубская з Любоніцкай СШ. Ім прадстаяла прайсці шэраг іспытаў.
У першым конкурсе — самапрэзентацыі “Лідарабачанне” ўдзельнікам трэба было прадставіць сябе, выклікаць прыхільнасць аўдыторыі, праявіўшы свае аратарскія здольнасці, а галоўнае, — паказаць свой светапогляд, як носьбіта ідэй, ідэалаў, каштоўнасцей прадстаўляемага грамадскага аб’яднання. Цікавымі атрымаліся самапрэзентацыі ва Уладзіслава Юхноўскага, Максіма Каранкевіча, Веранікі Іларыёнавай.
Другім этапам конкурсу была сацыяльная рэклама “Лідарскія арыен-ціры”. Трэба было прадэманстраваць відэаролік на сацыяльны праект, вызначаны ў партфоліа ўдзельнікаў. Лідараў цікавяць тэмы: памяць — патрыятызм, беражлівасць — экалогія, спорт — здаровы лад жыцця, клопат — валанцёрства, міласэрнасць.
Далей быў творчы конкурс дуэт-лідараў “Штурманы дзяцінства”, дзе вучні выступалі разам з педагогамі-куратарамі. Ім была прадастаўлена магчымасць паказаць нумар з выкарыстаннем любых выканальніцкіх жанраў. Лепшымі тут журы прызнала дуэты Уладзіслава Юхноўскага і В.І.Вароніча, Веранікі Іларыёнавай і Г.У.Якуш, Кірыла Дразда і С.М.Садоўнікава.
Конкурс партфоліа лідараў “Я — стратэг свайго жыцця” быў завочным, журы ўлічвала змястоўнасць прадстаўленых сацыяльных праектаў і творчых работ, узаемазвязанасць і лагічнасць развіцця сацыяльна-творчай дзейнасці, крэатыўнасць, акуратнасць і эстэтычнасць афармлення, граматнасць. Трэба заўважыць, усе прадастаўленыя партфоліа былі выкананы на дастойным узроўні.
Конкурс “Мадэльеры сацыяльных праектаў” меў на ўвазе абгрунтаванне аднаго з сацыяльных праектаў, актыўную дзейнасць лідараў па іх рэалізацыі, уменне планаваць работу, прагназаваць і ацэньваць вынікі сваёй дзейнасці. Найбольш цікавымі і змястоўнымі былі праекты “Медыяцэнтр” Уладзіслава Юхноўскага, “Карына возера” Таццяны Калістратавай, “Каб не было бяды!” Івана Дразда.
У ходзе ўпартай барацьбы “Лідарам-2014” стаў Уладзіслаў Юхноўскі, другое месца было прысуджана Кірылу Дразду, трэцяе — Вераніцы Іларыёнавай. Яны былі ўзнагароджаны дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, прызамі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Усе ўдзельнікі агляду-конкурсу атрымалі прызы ад райкама ГА “БРСМ”, а пераможцу быў уручаны падарунак ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Уладзіславу Юхноўскаму прадстаіць дастойна прадставіць наш раён на абласным конкурсе “Лідар-2014”. Пажадаем яму ўдачы!
Святлана
КАСПЯРОВІЧ,
педагог-арганізатар
Цэнтра
дадатковай адукацыі
дзяцей і моладзі.
На здымках:
(уверсе) Уладзіслаў Юхноўскі (першы справа), Вераніка Іларыёнава, Кірыл Дрозд; асобныя моманты раённага агляду-конкурсу «Лідар-2014».