Дастойны працаўнік зямлі беларускай
Славіцца Кіраўшчына сапраўднымі майстрамі хлебаробскай справы, людзьмі, адданымі роднай зямлі. З кагорты такіх – Аляксандр Петранкоў з КСУП “Ніва-Барсукі”. Ён імкнецца працаваць на зямлі сваіх бацькоў і дзедаў, дзе нарадзіўся і вырас, так, каб не было сорамна ні перад калектывам гаспадаркі, ні перад аднавяскоўцамі. А сведчанне таму – яго высокія ўзнагароды: ордэн Пашаны, ордэн Айчыны ІІІ ступені, медаль “За працоўныя заслугі”, вялікая колькасць Ганаровых грамат, дыпломаў і падзяк. Вось і сёлета за значны ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў Аляксандр Петранкоў удастоены ганаровага звання “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь”.
Аляксандр Сяргеевіч працы, якая прыносіць яму сапраўднае задавальненне, прысвяціў не адно дзесяцігоддзе. Сярод розных спраў самае чакаемае, а таму і самае любімае – жніво. Колькі ж тон залацістага збожжа прайшло праз працавітыя рукі камбайнера! І кожную ўборачную ён успрымае з хваляваннем і павышанай адказнасцю, бо разумее, што ў тым ліку і ад яго працы, залежыць агульны вынік.
А ляксандр Петранкоў – мясцовы. Бацькі з дзяцінства прывілі яму любоў да сваёй малой радзімы, навучылі паважаць сялянскую працу і людзей, якія вырошчваюць хлеб, забяспечваюць грамадскі статак кармамі, даглядаюць жывёлу, а ўсе разам – клапоцяцца пра дабрабыт гаспадаркі, раёна, краіны. Механізатар на асабістым вопыце ведае, колькі намаганняў і людскіх рэсурсаў трэба задзейнічаць, каб хлебныя нівы парадавалі важкім ураджаем, каб да зярнятка сабраць вырашчанае, каб раслі надоі малака і павялічваліся прывагі БРЖ.
Самадысцыпліну і павагу да абранай справы ў Аляксандра Петранкова сфарміравалі армейская служба і доўгія гады працы на роднай зямлі. Менавіта таму ён, як ніхто іншы, ведае: для таго, каб стаць добрым спецыялістам, трэба проста сумленна і адказна працаваць, любіць даручаную справу, якая прыносіць задавальненне сабе і карысць іншым.
Добры гаспадар, працаўнік, любячы муж, бацька і дзядуля – усё гэта ён, Аляксандр Петранкоў. Яго жыццёвае крэда – самааддана працаваць на зямлі.
Для механізатараў сельгаспрадпрыемства Аляксандр Петранкоў – прыклад для пераймання. Аднак Аляксандр Сяргеевіч сваімі ўзнагародамі ніколі не выхваляецца, проста добрасумленна і старанна выконвае сваю штодзённую працу. З радасцю дзеліцца назапашаным працоўным вопытам з маладымі калегамі.
Штодня, летам і ўзімку, у дождж, снег ці спякоту, Аляксандр Сяргеевіч зноў і зноў займае месца за рулём сельгастэхнікі, каб працягваць справу свайго жыцця: вырошчваць, даглядаць і ўбіраць вырашчанае, клапаціцца пра дабрабыт малой радзімы.
Аляксандр Сяргеевіч лічыць сябе шчаслівым чалавекам, бо жыве ў родным куточку, дзе ўсё сваё, мілае сэрцу, дзе заўсёды цёпла і ўтульна, добра і ціха, дзе пануюць вера і надзея, жыве любоў. Тут кожны чалавек не проста сусед ці знаёмы, а сапраўдны сябра і дарадца, які заўсёды дапаможа і падтрымае. А марыць ён аб тым, каб палеткі на яго малой радзіме штогод радавалі сваёй зелянінай, каб пераліваліся золатам палі пад летнімі сонечнымі промнямі і радавалі збожжавыя налітым важкім коласам.
Людміла СЯМЁНАВА.