Для задавальнення патрэб кліентаў-кіраўчан
Пераацаніць важнасць паштовай галіны немагчыма. Штодзень работнікі прадпрыемства працуюць над тым, каб своечасова была дастаўлена карэспандэнцыя і іншыя паштовыя адпраўленні, а кліенты мелі магчымасць атрымаць шэраг неабходных паслуг.
Напярэдадні Сусветнага дня пошты мы сустрэліся з начальнікам раённага вузла паштовай сувязі Магілёўскага філіяла «Белпошта» Людмілай ГУШЧЫНАЙ, каб пагутарыць аб дзейнасці ўзначальваемага ёю калектыву:
— На сённяшні дзень нашай структурай ахоплены 125 населеных пунктаў раёна, на дастаўцы перыёдыкі, паштовых лістоў і адпраўленняў, пенсій задзейнічаны 44 чалавекі, 6 з іх працуюць у райцэнтры. Аўтамабільны парк прадпрыемства налічвае 5 машын, якія кур-сіруюць па ўнутрыраённых і міжраённым маршрутах. У тым ліку 4 адзінкі тэхнікі прызначаны для мотада-стаўкі, адна машына — у якасці перасоўнага аддзялення паштовай сувязі.
На раённым вузле паштовай сувязі працуе 61 чалавек. Кожны на сваім участку работы імкнецца выконваць даручаную справу добрасумленна і старанна. Паштовы работнік на вёсцы і ўвогуле ўяўляе сабою ўніверсальнага спецыяліста, які аказвае паслугі не толькі на ад-дзяленні сувязі, але і на даму.
У цэлым жа дзейнасць калектыву РВПС накіравана на якаснае аказанне насельніцтву паштовых паслуг, у тым ліку і новых іх відаў. Самыя папулярныя з іх — продаж тавараў паўсядзённага попыту, прыём камунальных і страхавых плацяжоў, ксеракапіраванне, рэалізацыя латарэйных білетаў і інш. Таксама выкарыстоўваюцца электроннае паведамленне, сістэма адсочвання за праходжаннем паштовых адпраўленняў, аказваюцца паслугі трымальнікам банкаўскіх плацёжных картак, ёсць магчымасць праз інтэрнет-магазін “Белпошты” заказаць тавары айчынных вытворцаў. Наладжаны прыём паскоранай пошты — унутрырэспубліканскай і міжнароднай. На гарадскім аддзяленні прымаюцца міжнародныя грашовыя пераводы ў замежнай валюце. Аматары філатэліі могуць аформіць на ўсіх аддзяленнях сувязі падпіску на маркі і канверты Беларусі, а таксама краіны СНД.
Не губляе сваёй актуальнасці такая паслуга адпраўленняў, як «1 клас»: спецыяльныя канверты з акантоўкай чырвонага колеру даюць прыярытэт на ўсіх этапах праходжання, скарачэнне тэрмінаў перасылкі і пры гэтым — па даступнай цане. У насельніцтва найбольш запатрабаванай паслугай па-ранейшаму застаецца падпіска на перыядычныя выданні. Разам з тым расце колькасць няпрофільных паслуг: рэалізацыя харчовых і нехарчовых тавараў, прыём розных відаў плацяжоў, аплата крэдытаў і іншыя.
Галоўнай каштоўнасцю нашага РВПС лічу тую дружную і кампетэнтную каманду, якая сёння тут працуе. Часовыя людзі ў нас не затрымліваюцца, але тыя, хто абраў гэтую прафесію мэтанакіравана, застаюцца ў ёй на ўсё жыццё. У нашым калектыве такіх прыкладаў нямала: шмат гадоў добрасумленна працуюць паштальёны па дастаўцы перыёдыкі і паштовых адпраўленняў ГАС Тамара Бабрыковіч, Людміла Аляшкевіч, Ніна Кавалеўская, Святлана Катургіна, паштальёны перасоўных аддзяленняў сувязі “Гарадзец” Таццяна Загорская, “Хвайніца” Таццяна Ерамеева і многія іншыя.
Сусветны дзень пошты — гэта яшчэ адна добрая нагода ўшанаваць людзей, чыё прафесійнае майстэрства на вышыні, хто адказна ставіцца да выканання сваіх абавязкаў. Так, званне “Ветэран працы” прысвоена паштальёну па дастаўцы перыядычных выданняў і паштовых адпраўленняў АПС “Баравіца” Еўдакіі Міхалап, якая адпрацавала ў паштовай галіне больш за 27 гадоў.
Запісала Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.