Дзеля ўпрыгожвання горада
У бягучым годзе ў нашым горадзе і сельскіх населеных пунктах раёна многае зроблена ў плане добраўпарадкавання. Работы не спыняюцца і зараз: работнікі УКП “Жылкамгас” мяняюць апоры вулічнага асвятлення на вуліцы імя Кірава і цэнтральнай плошчы (падрыхтоўка да іх устанаўлення вялася раней). Своечасова былі закуплены фундаментныя трубы і кабельная прадукцыя.
На сённяшні дзень устаноўлены ўжо 12 апор, якія аснашчаны эканамічнымі светадыёднымі свяцільнямі (пры аднолькавым асвятленні ранейшыя лямпы спажывалі 250 ват, а новыя — 42). У далейшым плануецца замяніць астатнія апоры па галоўнай вуліцы горада.
На ўзвядзенні новага асвятлення добра зарэкамендавалі сябе электраманцёры па абслугоўванні і рамонту электраабсталявання Сяргей Кушняроў, Уладзімір Маісеенка, Алег Глушакоў, Эдуард Пяткевіч, Сцяпан Гарадко, Алег Комар, а таксама экскаватаршчык Сяргей Лазаковіч і вадзіцель пад’ёмніка Рыгор Кушавараў.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.