Дзень рэдактара ў Кіраўскім раёне
Цікавай і эфектыўнай формай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама зарэкамендавала сябе правядзенне Дзён рэдактара на базе аднаго з раёнаў. У мерапрыемстве прымаюць удзел кіраўнікі рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі: абмяркоўваюць актуальныя пытанні дзейнасці мясцовай прэсы, яе прыярытэтныя задачы, напрамкі развіцця, дзеляцца вопытам работы. Немалаважнай з’яўляецца і практычная частка, якая дае магчымасць лепш пазнаёміцца з рэгіёнамі — яна ўключае наведванне аб’ектаў вытворчай і сацыяльнай сфер, прыватнага бізнэсу.
Чарговы Дзень рэдактара прайшоў у Кіраўскім раёне. У ім прынялі ўдзел кіраўнікі газет “Бабруйскае жыццё”, “Трыбуна працы” (Бабруйскі раён), “Асіповіцкі край”, “Радзіма” (Глускі раён), “Маяк Прыдняпроўя” (Быхаўскі раён), “Савецкая вёска” (Дрыбінскі раён), “Прысожскі край” (Слаўгарадскі раён), “Сцяг Саветаў” (Клічаўскі раён).
Распачаўся Дзень рэдактара ў рэдакцыі раённай газеты “Кіравец”, дзе калегі даведаліся аб тым, як арганізаваны творчы і тэхнічны працэсы выпуску выдання, аказанне фотапаслуг, якія запатрабаваны насельніцтвам і даюць магчымасць атрымліваць дадатковы даход.
Аб сацыяльна-эканамічным развіцці Кіраўскага раёна, яго дасягненнях, канструктыўным узаемадзеянні газеты з органамі мясцовай улады паведаміла прысутным намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Бяляўская.
Сучасны стан і перспектывы развіцця рэгіянальнай прэсы былі абмеркаваны ў фармаце “круглага стала”, дзе мадэратарам выступіла намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы — начальнік аддзела па рабоце са СМІ і развіцці паліграфіі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Алена Дзівакова. Была звернута ўвага на аспекты дзейнасці рэдакцый па інфармацыйным напаўненні выданняў, пытанні рэалізацыі новых праектаў, забеспячэння зваротнай сувязі з чытачамі, напрамкі далейшай работы ва ўмовах развіцця інфармацыйных тэхналогій. У сувязі з гэтым адбыўся абмен думкамі па функцыянаванні Інтэрнэт-сайтаў газет. Асаблівы акцэнт быў зроблены на неабходнасці актыўнай работы ў сацыяльных сетках: важна ўплываць на недапушчэнне распаўсюджвання ў іх неаб’ектыўнай інфармацыі.
Дэталёвы аналіз выданняў, кіраўнікі якіх прысутнічалі на Дні рэдактара, зрабіў спецыяльны карэспандэнт інфармацыйнага агенцтва “Могилевские ведомости”, эксперт абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз журналістаў” Віктар Кубека: прагучалі слушныя заўвагі, карысныя парады.
Работа “круглага стала” была падагульнена наступным: рэгіянальная прэса павінна адпавядаць патрабаванням часу, актыўна рэалізоўваць новыя напрамкі работы, прыярытэтнымі пры гэтым павінны заставацца інтарэсы і запатрабаванні чытачоў.
Удзельнікі мерапрыемства пабывалі на біягазавай устаноўцы і цяплічным камбінаце СВК ”Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, у раённым цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, гімназіі г.Кіраўска на занятках аматарскага аб’яднання “Юны журналіст”, санаторыі імя К.П.Арлоўскага.
Больш падрабязна аб гэтым чытайце ў бліжэйшых нумарах раённай газеты “Кіравец”.
Наталля Хадакова.
Фота Максіма Мікешына.