Кіраўшчыну наведала дэлегацыя Азербайджана ў межах культурнага абмену

Гасцінна сустракалі замежную дэлегацыю намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Бяляўская і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Андрэй Карпук.
Сёлета ў Азербайджане былі праведзены структурныя рэформы ў галіне культуры, створана новае рэгіянальнае ўпраўленне на базе былых аддзелаў культуры, таму гасцей вельмі цікавіла пытанне дзейнасці такіх устаноў на тэрыторыі раёна.
Першым аб’ектам знаёмства з Кіраўшчынай стаў Мышкавіцкі СДК. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах сустрэлі азербайджанцаў духмяным караваем і мілагучнымі беларускімі песнямі.
Таццяна Бяляўская расказала аб гісторыі раёна, яго сацыяльна-эканамічным развіцці, асноўных накірунках культурнага жыцця рэгіёна. З цікавасцю прадстаўнікі дэлегацыі пазнаёміліся з выставамі творчых работ народных умельцаў.
Прадстаўнікоў з сонечнага Азербайджана вельмі ўразіў размешчаны ў СДК зімовы сад з бананавых і фінікавых дрэў.
З інтарэсам наведалі яны музей ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, паслухалі расказ аб станаўленні і развіцці знакамітага калгаса “Рассвет” і яго першым легендарным старшыні К.П.Арлоўскім.
Незабыўныя ўражанні ад наведвання Кіраўшчыны пакінула ва ўдзельнікаў семінара жамчужына нашага краю — Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль. Дырэктар Жыліцкага гістарычнага комплексу-музею Ларыса Забелава правяла цікавую экскурсію па старажытных панскіх пакоях дварца, расказала прыгожыя легенды, якімі ахутаны гэты таямнічы куток беларускай зямлі. Вучні мясцовай дзіцячай школы мастацтваў віталі гасцей музычнымі нумарамі.
Завяршылася знаёмства прадстаўнікоў Азербайджана з нашым раёнам у санаторыі імя К.П.Арлоўскага. На памяць аб Кіраўшчыне яны атрымалі прыгожыя вырабы ручной работы.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота Максіма МІКЕШЫНА.