Круглагадовае лета рассветаўскага “Лас-Вегаса”…
Калі ў цёмны час сутак накіраваць позірк у бок Мышкавіч, адразу кідаецца ў вочы барвовае зарыва, якое нібыта разразае начное неба. Прычым паўтараецца гэта штовечар і штоноч. Чалавек прыезджы можа насцярожыцца, міжволі падумаўшы, што дзесьці наводдаль здарыўся вялікі пажар. Але на Кіраўшчыне ведаюць: для хваляванняў няма прычын. Гэта “ззяе” цяплічны камбінат ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”, дзе ў гэтыя дні рыхтуюць своеасаблівыя падарункі да навагодняга стала…
Рассветаўскі цяплічны камбінат у раёне, ды і далёка за яго межамі, у асаблівым прадстаўленнні не мае патрэбы. Гэта адзін з асноўных беларускіх пастаўшчыкоў агародніны закрытага грунту. У Беларусі падобных набярэцца толькі пару дзясяткаў. Агуркі і таматы, вырашчаныя ў “Рассвеце”, заўсёды карыстаюцца попытам у пакупніка і не залежваюцца ў гандлёвых кропках.
Першыя паспеўшыя агурочкі рассветаўскія цяплічнікі звычайна пастаўлялі ў гандлёвыя кропкі да жаночага свята: 8 сакавіка за святочным сталом іх абавязкова можна было пакаштаваць. А вось сёлета, дзякуючы спецыяльнай зманціраванай у цяпліцы сістэме, упершыню рассветаўцы парадуюць усіх вітаміннай прадукцыяй у навагоднія святы.
Сёння цяплічны камбінат, дзе фактычна круглы год пануе лета, дакладней, яго больш новыя памяшканнні, нагадваюць маленькі Лас-Вегас. Мясцовае дасвечванне на адным з 3,2 га нічуць не саступае сонечнаму святлу. Пад празрыстым дахам цяпер амаль кругласутачна гараць тысячы агнёў. Як падзялілася з намі галоўны тэхнолаг камбіната Марыя Бяляўская, мадэрнізацыя цяпліцы дазволіць цяпер сабраць за адзін сезон аж 3 ураджаі свежых агуркоў.
Больш пра цяплічны камбінат ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага” чытайце на старонках газеты…
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.