На ўборачным канвееры – салодкая культура
Восень прыспешвае аграрыяў больш актыўна ўбіраць вырашчанае, праводзіць іншыя палявыя работы. Так, пакуль дазваляе надвор’е, гаспадаркі вядуць работы па ўзворванні глебы пад веснавую сяўбу, унясенне арганікі і ўгнаенняў, завяршаюць работы па ўборцы кукурузы. Зараз сельгасарганізацыі, якія займаюцца вырошчваннем цукровых буракоў, вядуць копку гэтай салодкай культуры. Спецыяльныя камбайны выкопваюць, чысцяць і рэжуць караняплоды. Пасля ўборкі буракі ссыпаюцца прама на палетках у вялізныя горы. Затым салодкія карані загружаюцца ў аўтамабілі і транспартуюцца на Асіповіцкі буракапрыёмны пункт, адтуль – на Слуцкі цукроварафінадны камбінат.
Вырошчванне цукровых буракоў лічыцца хоць і затратнай, але рэнтабельнай справай. Гэтая расліна пры захаванні тэхналогіі мае высокую ўраджайнасць і змяшчае вялікую колькасць цукру.
– Цукровыя буракі – важная тэхнічная культура, якая дае сыравіну для перапрацоўчай прамысловасці, – адзначыў у размове галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Сіўчыкаў. – Тэхналогія вырошчвання гэтай культуры толькі на першы погляд здаецца нескладанай: падрыхтоўка глебы, сяўба, апрацоўка ад пустазелля і шкоднікаў, уборка. Але для таго, каб атрымаць добры ўраджай салодкіх караняплодаў, неабходны строгае захоўванне тэхналогіі, пастаянны клопат і штодзённая напружаная праца. Гэта ўсё мы выконвалі на сто працэнтаў. Яшчэ з восені старанна падрыхтавалі глебу, унеслі комплекс мінеральных угнаенняў, паклапаціліся аб насенні і сродках абароны раслін.
Своечасова ў аптымальныя тэрміны правялі сяўбу, а затым і комплекс хімічных праполак, нават праводзілі апрацоўку раслін ад высокіх тэмператур паветра. Умовы надвор’я маюць немалаважнае значэнне: культура вельмі патрабавальная да святла, вільгаці і цяпла. Сёлетняе лета было вельмі спякотным, на працягу двух месяцаў не было дажджоў, буракі не набралі вільгаці, таму і ўраджайнасць ніжэйшая, чым мы планавалі атрымаць. А зараз наадварот, прайшлі дажджы, на раслінах з’явілася зялёнае лісце, яны крануліся ў рост, але прыйшоў час уборкі караняплодаў.
Работы па ўборцы цукровых буракоў вядуцца з дапамогай тэхнікі Слуцкага цукроварафінаднага камбіната, ён жа прадастаўляе і транспарт для адвозкі ўраджаю на перапрацоўку. Ніваўцы цесна супрацоўнічаюць з прадпрыемствам пры вырошчванні цукровых буракоў. Камбінат прадастаўляе насенны матэрыял, неабходныя ўгнаенні для падкормкі раслін, ядахімікаты для апрацоўкі ад пустазелля і шкоднікаў. Разлік ажыццяўляецца пасля здачы буракоў на перапрацоўку. Такое ўзаемадзеянне выгаднае для абодвух бакоў.
Затое буракі радуюць сваімі якаснымі паказчыкамі, у прыватнасці, цукровасцю, якая пераўзыходзіць базавы 16-працэнтны нарматыў і складае 17,21%. А калі ўлічыць, што працэс нарошчвання масы караняплодаў і назапашвання ў іх цукру ідзе бесперапынна, то ў мясцовых раслінаводаў ёсць рэальныя шанцы разлічваць на яшчэ больш высокія паказчыкі, а значыць і большую аплату за здадзеную салодкую прадукцыю.
Пасля праходу буракаўборачнага камбайна “Холмер” буракі ссыпаюцца ў бурты прама на палетках. Затым аўтамабілямі караняплоды адпраўляюцца на Асіповіцкі буракапрыёмны пункт, адтуль – на Слуцкі цукроварафінадны камбінат. Надвор’е спрыяе актыўнаму тэмпу работ, таму работы па ўборцы плануюць завяршыць у вызначаны тэрмін.
Не прыпыняюцца ў гаспадарцы работы па ўзворванні глебы, механізатары разумеюць важнасць правядзення гэтага працэсу з восені, каб потым вясною як мага хутчэй правесці сяўбу збожжавых і зернебабовых.
Завяршылі ў гаспадарцы і ўборку кукурузы. Усе сіласныя траншэі запоўнены якаснымі кармамі для грамадскага статка. Увогуле, высокая ўраджайнасць царыцы палёў дазволіла зрабіць паўтарагадовы запас кукурузнай масы, а значыць, у мясцовых жывёлаводаў ёсць усе шанцы павялічыць надоі і прывагі БРЖ.
Людміла СЯМЁНАВА. Фота аўтара.