“Нам ёсць чым ганарыцца…”

У 9–11 класах СШ №1 г.Кіраўска прайшоў Урок міру “Нам ёсць чым ганарыцца…” з удзелам вайскоўцаў 465-й ракетнай брыгады, якая дыслацыруецца ў Асіповічах. Урок стаў важнай падзеяй для вучняў.
На сустрэчу са старшакласнікамі прыбылі намеснік камандзіра в/ч 61732 па ідэалагічнай рабоце палкоўнік Аляксандр Аўдзей, намеснік камандзіра в/ч 10977 па ідэалагічнай рабоце маёр Яўген Станкевіч, камандзір зенітнага ўзвода роты аховы в/ч 61732 старшы лейтэнант Дзяніс Арышчанка і псіхолаг в/ч 97115 Наталля Прыбытка.
У фае школы яны арганізавалі выставу стралковага ўзбраення. Рабяты мелі магчымасць не толькі азнаёміцца з прадстаўленым узбраеннем, але і паўдзельнічаць у разборцы і зборцы аўтамата Калашнікава, пісталета Макарава. Упершыню на выставе ў нашай школе быў прадстаўлены ручны супрацьтанкавы гранатамёт (РПГ-7), знакамітая вінтоўка Мосіна, узору 1891 года. Асаблівы інтарэс у старшакласнікаў выклікаў пераносны зенітны ракетны комплекс “Іголка”.
Таксама падчас мерапрыемства вайскоўцы падзяліліся з рабятамі сваім вопытам службы, расказалі пра ролю ваенных у забеспячэнні бяспекі і падтрыманні міру ў нашай краіне. Яўген Станкевіч спыніўся на дасягненнях беларускай арміі на сучасным этапе, расказаў, што робіцца ў нашай краіне для захавання міру, а таксама правёў прафарыентацыйную гутарку.
Госці адказалі на пытанні вучняў і растлумачылі, як дысцыпліна і ўпартасць дапамагаюць дасягаць мэтаў.
Мерапрыемства пакінула яркія ўражанні і дапамагло вучням лепш зразумець, як індывідуальныя намаганні і прафесійная праца могуць уплываць на стварэнне і захаванне міру.
Аляксей АБРОСІМАЎ, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні СШ №1 г.Кіраўска.