Пашпарт – сімвал сталення і адказнасці

З 10 па 15 сакавіка праходзіць Усебеларуская акцыя “Мы – грамадзяне Беларусі!”, прысвечаная Дню Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У рамках акцыі па ўсіх рэгіёнах краіны праходзяць урачыстыя цырымоніі ўручэння 14-гадовым юнакам і дзяўчатам пашпартоў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.
Першае такое мерапрыемства адбылося 10 сакавіка ў Канстытуцыйным Судзе, які адыгрывае важную ролю ў ахове правоў і свабод грамадзян нашай краіны, абароне канстытуцыйнага ладу.
27 чалавекам з усіх абласцей Беларусі і г.Мінска – пераможцам алімпіяд і розных конкурсаў, якія вызначыліся ў вучобе, навуковым і грамадскім жыцці, пашпарт уручылі старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, заслужаны юрыст Беларусі Пётр Міклашэвіч і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, першы сакратар ЦК ГА “БРСМ” Аляксандр Лук’янаў.
У першы дзень Усебеларускай акцыі “Мы – грамадзяне Беларусі!” атрымала свой галоўны дакумент – пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і вучаніца 8 ”Б” класа сярэдняй школы №1 г.Кіраўска Ксенія Васковіч.
“Для мяне гэты момант стаў асаблівым і незабыўным, – падзялілася ўражаннямі ад падзеі Ксенія. –
Атрыманне пашпарта – гэта як першы крок у вялікае жыццё. Я ганаруся, што стала часткай такой важнай падзеі, што мая грамадзянская пазіцыя будзе грунтавацца на ведах Канстытуцыі і павазе да законаў нашай краіны.
Калі старшыня Канстытуцыйнага Суда ўручыў мне пашпарт, я адчула, што гэта не проста дакумент, а сімвал маёй ролі ў грамадстве. Я ведаю, што наперадзе ў мяне шмат цікавых і важных задач, і я гатова вучыцца, развівацца і рабіць усё, каб апраўдаць давер, які ўскладаецца на кожнага грамадзяніна. Таксама прыемна было атрымаць падарункі: Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, вокладку на пашпарт і кніжнае выданне “Сімвалы Беларусі”.
Гэта цырымонія стала важным момантам не толькі для Ксеніі, але і для яе бацькоў, настаўнікаў, аднакласнікаў. Для бацькоў – гэта момант гонару і хвалявання, бо іх дачка стала паўнавартасным грамадзянінам сваёй краіны. Настаўнікі ў гэтай знакавай падзеі ўбачылі вынік сваёй працы – выхаванне ўсвядомленых, актыўных грамадзян, здольных шанаваць сваю краіну і разумець значэнне правоў і абавязкаў. Аднакласнікі ўбачылі, як важна быць грамадзянінам сваёй краіны, разумець адказнасць, якую нясе кожны чалавек.
Галіна РУСЕЦКАЯ.