Шчодрыя нівы ад рук працавітых

Шчодрыя нівы ад рук працавітых

Сярод механізатараў ААТ «Рассвет імя К.П.Арлоўскага» шмат сапраўдных прафесіяналаў, якія ўмеюць шчыраваць з энтузіязмам і не баяцца цяжкасцяў сялянскай працы. Майстрам сваёй справы ў сельскай гаспадарцы з’яўляецца трактарыст­машыніст Мікалай Дрозд.

Больш за 36 гадоў ён шчыруе на карысць роднага краю, на паляпшэнне дабрабыту вяскоўцаў. У калектыве яго імя заўсёды ў ліку перадавікоў на розных відах работ. Сёлета да прафесійнага свята аграрыяў Мікалай Дрозд за добрасумленную шматгадовую працу атрымае заслужаную ўзнагароду – ордэн Пашаны. Ён зазіхаціць на грудзях руплівага працаўніка побач з медалём “За працоўныя заслугі”.

Яго дзяцінства прайшло ў сям’і, дзе паважалі сялянскую працу і аддавалі ўсе свае сілы для таго, каб квітнела родная зямля, каб нівы адорвалі шчодрымі ўраджаямі. Колькі сябе памятае Мікалай Мікалаевіч захапляўся тэхнікай. А прыкладам для яго быў бацька, які араў зямлю, сеяў і ўбіраў хлеб. Хлопчык дапамагаў яму ў абслугоўванні і рамонце трактара, быў побач, калі тата апрацоўваў глебу ці збіраў вырашчанае. Вось адтуль, з дзяцінства, і прыйшла любоў да спецыяльнасці механізатара, якую, стаўшы дарослым, асвоіў у Кіраўскім СПТВ №220.

Працаваць герой гэтых радкоў пачаў у роднай гаспадарцы, потым адслужыў у арміі. Пасля вяртання са службы ні хвіліны не сумняваўся ў сваім далейшым працоўным шляху: толькі ў сельскую гаспадарку, застацца на малой радзіме. І з таго часу ніколі не пашкадаваў аб сваім выбары, бо займаецца справай, якая прыносіць сапраўднае задавальненне, робіць яго шчаслівым чалавекам.
З ранняй вясны і да позняй восені ў сельскага механізатара – напружаны час. Але сапраўдную эйфарыю Мікалай Дрозд адчувае, калі прыходзіць момант жніва. Сотні гектараў залацістых палёў падводзяць вынік шматдзённай працы дзясяткаў людзей.

З першых дзён жніва прозвішча старшага камбайнера Мікалая Дразда фігурыруе ў зводках перадавікоў раённага спаборніцтва. Некалькі гадоў запар побач з ім у памочніках працуе яго родны брат Анатоль. Абодва разумеюць адзін аднаго з паўслова, таму і праца ладзіцца. У жніве Мікалай Мікалаевіч удзельнічае з першага года работы ў гаспадарцы. Яшчэ тады кіраўніцтва даверыла яму магутную тэхніку і адказны ўчастак. І, як паказаў час, не памылілася. Самаадданая праца камбайнера за гэтыя дзесяцігоддзі была адзначана незлічоную колькасць разоў. Па выніках жніва Мікалай Дрозд узнагароджваўся шматлікімі Ганаровымі граматамі і дыпломамі, а сярод каштоўных падарункаў акрамя тэлевізараў і халадзільнікаў у 2005 годзе быў нават легкавы аўтамабіль.
– Калі механізатар душой хварэе за сваю справу, яго не трэба падганяць ці кантраля­ваць, – кажа Мікалай Мікалаевіч. – Па сабе ведаю, што кожны этап трэба выконваць дасканала і адказна, нібыта сееш ці ўзворваеш для сябе, на ўласным участку. Вось тады і варта разлічваць на важкія ўраджаі, толькі каб надвор’е паспрыяла.

Сямейная дынастыя Драздоў у Рассвеце вельмі моцная: на працягу дзесяцігоддзяў яны шчыруюць на роднай зямлі, бязмежна любяць свой край, сваю Радзіму, клапоцяцца пра дабрабыт сялян, гаспадаркі, раёна.

Дастойна працягвае працоўную дынастыю і сын Мікалая Мікалаевіча Андрэй. Бацька ганарыцца яго дасягненнямі на працоўнай ніве і лічыць, што правільна выхаваў сына, бо з дзяцінства браў яго з сабой на працу, расказваў і паказваў усе тонкасці механізатарскай справы. Надзейным памочнікам быў Андрэй для бацькі і падчас жніва, калі працавалі ў пары.

Па словах Мікалая Дразда, атрыманне такой высокай узнагароды для яго вельмі хвалюючы момант, гэта вялікая адказнасць, неабходнасць працаваць яшчэ з большай аддачай.

Людміла СЯМЁНАВА.

Последние новости

Образование

Доступно, комфортно, удобно

21 ноября 2024
Читать новость
Актуально

Сегодня состоялось открытие нового МТК “Пархимковичи” КСУП “Жиличи” на 600 голов дойного стада

20 ноября 2024
Читать новость
Актуально

Здравоохранение на Кировщине: начало пути

20 ноября 2024
Читать новость
Профилактика и безопасность

Эксплуатируйте газовые приборы безопасно!

20 ноября 2024
Читать новость
Актуально

В общественной приемной Кировской районной организации РОО “Белая Русь” продолжается сбор подписей по выдвижению Александра Григорьевича Лукашенко кандидатом в Президенты Республики Беларусь

19 ноября 2024
Читать новость
Актуально

Продолжается сбор подписей в поддержку выдвижения кандидатов в Президенты Республики Беларусь

19 ноября 2024
Читать новость

Рекомендуем