Служэнне Закону, Праўдзе, Справядлівасці
Штогод у першую нядзелю снежня ў Беларусі адзначаецца Дзень юрыста.
Гэтае свята – даніна павагі людзям, якія стаяць на варце правоў і законных інтарэсаў грамадзян, прызнанне заслуг усіх тых, хто прысвяціў сваё жыццё такой неабходнай дзяржаве юрыдычнай дзейнасці – служэнню Закону, Праўдзе, Справядлівасці.
Юрыдычная прафесія ахоплівае шырокі спектр спецыяльнасцяў, кожная з якіх адыгрывае сваю ўнікальную ролю ў прававой сістэме. Сярод найбольш вядомых і запатрабаваных – адвакат, пракурор, суддзя, следчы, спецыяліст па кадрах, юрысконсульт, выкладчык права і навуковец-юрыст. Кожны з гэтых напрамкаў патрабуе ад спецыяліста глыбокіх ведаў у галіне права, уважлівасці, адказнасці і ўмення працаваць з людзьмі. Юрыдычная прафесія спалучае ў сабе як тэарэтычныя веды, так і практычныя навыкі, і адкрывае перад прафесіяналамі шырокія магчымасці для развіцця кар’еры і ўдзелу ў вырашэнні найважнейшых пытанняў грамадства.
Таццяна Шашанка – юрысконсульт Кіраўскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, прафесіянал са шматгадовым вопытам работы. Яна адказвае за прававое забеспячэнне дзейнасці цэнтра: распрацоўку і аналіз нарматыўных актаў, кантроль за выкананнем заканадаўства ў арганізацыі, афармленне і вядзенне дакументацыі, працэдур закупак і іншае. Усё гэта патрабуе карпатлівай удумлівай працы.
Таццяна Сяргееўна мясцовая, кваліфікацыю юрыста атрымала ў Бабруйскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжы. Сваю працоўную дзейнасць пачала судовым выканаўцам у судзе Кіраўскага раёна, пасля – РЦСАН, без малага 20 гадоў. Па слядах маці пайшоў і сын: атрымаў юрыдычную адукацыю.
“Работа цікавая. Люблю яе і адчуваю сябе на сваім месцы, – падзялілася сваімі меркаваннямі спецыяліст. – Але не магу сказаць, што ўсё так лёгка даецца, бо акрамя прававых пытанняў, даводзіцца разбірацца ў бухгалтарскіх і не толькі. Сёння, бадай што кожны чалавек ведае, што мала ведаць законы, трэба ўмець прымяняць іх на практыцы. А з улікам таго, што юрыдычным ведам уласціва састарвацца, так як мяняюцца законы і практыка іх прымянення, неабходна паспяваць за ўсімі абнаўленнямі і зменамі”.
Калегі па працы цэняць Таццяну Сяргееўну не толькі за яе прафесіяналізм, але і за выключныя чалавечыя якасці. Яны адзначаюць яе адказнасць, здольнасць да хуткага аналізу сітуацыі і ўменне знайсці аптымальныя рашэнні складаных пытанняў. Яна заўсёды гатова выслухаць, падтрымаць, дапамагчы знайсці выйсце. Дырэктар цэнтра Алеся Сітцава адзначае, што Таццяна Шашанка заўсёды аператыўна рэагуе на змены ў заканадаўстве, сваёй працай забяспечвае эфектыўнае функцыянаванне арганізацыі, на яе заўсёды можна спадзявацца. Работа Таццяны Сяргееўны адлюстроўваецца ў выніках працы калектыву.
Галіна РУСЕЦКАЯ. Фота Сяргея АЧЫНОВІЧА.