Студатрадаўцы папрацавалі вынікова!
Па склаўшайся традыцыі многія нашы юнакі і дзяўчаты кожны год у складзе студатрадаў прымаюць актыўны ўдзел ва ўзвядзенні, рэканструкцыі аб’ектаў рознага прызначэння, а таксама працуюць на добраўпарадкаванні населеных пунктаў раёна. Сваім стараннем, шчырым стаўленнем да выканання даручанай справы рабяты ўносяць пасільны ўклад у агульную справу развіцця і працвітання краіны, а таксама маюць магчымасць атрымаць за гэта грашовыя сродкі.
У нашым раёне падчас сёлетняга працоўнага семестра было працаўладкавана 384 юнакі і дзяўчаты. І, трэба адзначыць, у Год моладзі студатрадаўцы пашчыравалі добрасумленна і адказна!
Па выніках працоўнага семестра атрад імя К.П.Арлоўскага, сфарміраваны на базе ліцэя №15 з 28 навучэнцаў, прызнаны лепшым сельскагаспадарчым атрадам у вобласці. Рабяты працавалі на розных аб’ектах: даводзілі да ладу збожжа на зернетаках, ачышчалі цэглу пасля дэмантажу збудаванняў, а дзве дзяўчыны падмянялі аператараў машыннага даення кароў на МТФ “Кірава” СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага падчас іх водпуску. Па водгуках кіраўніцтва сельгасарганізацый, усе добра справіліся з даручанай справай.
У мінулы панядзелак ва ўстанове адукацыі адбылася ўрачыстая агульналіцэйская лінейка, на якой члены студатрада і іх камандзір Аляксандр Рубцоў прымалі віншаванні і атрымалі падарункі.
Журналісты “Кіраўца” таксама шчыра парадаваліся за нашых рабят, яны не змаглі застацца ў баку ад добрай справы — аформілі абанемент на падпіску на “раёнку” на першы квартал 2016 года на імя камандзіра студатрада з надзеяй, што і ў наступным годзе на старонках газеты яны змогуць прачытаць пра свае поспехі.
Алена ОСІПАВА,
першы сакратар
РК ГА “БРСМ”.