“Сябру руку працягні, каб цяплей стала!”
Па склаўшайся добрай традыцыі ў навагоднія і калядныя святы работнікі Кіраўскага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ладзяць светлае, шчырае і цудоўнае свята — фестываль “Калядныя сустрэчы сяброў”. У бягучым годзе споўнілася 5 гадоў, як на Кіраўшчыне ўпершыню сабраліся на фестываль наведвальнікі аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў.
Спачатку ўдзел у мерапрыемстве прынялі толькі бабруйчане. Аднак, з кожным годам пашыралася геаграфія гасцей фестывалю, і вось на юбілейны дзень нараджэння ў танцавальнай зале санаторыя імя К.П.Арлоўскага сабралася вялікая колькасць сапраўдных сяброў. Прадэманстраваць свае творчыя здольнасці, падзяліцца з прысутнымі сваёй шчырасцю і радасцю ад сустрэчы завіталі каманды з ліку наведвальнікаў аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў цэнтраў сацабслугоў-вання насельніцтва: Першамайскага раёна г.Бабруйска — “Ёлкі”, Ленінскага раёна г.Бабруйска — “Ліманад”, Клічаўскага — “Ольса”, Кіраўскага — “Пакаленне NEXT”, Круглянскага — “Круглянскія снегавічкі”, Асіповіцкага — “Асіпаўчаты” і Глускага — “Аптымісты”. Дарэчы, апошнія тры каманды — навічкі фестывалю.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў і гасцей фестывалю звярнулася галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай дапамогі і сацыяльнага абслугоўвання Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Марыя Крок. Яна адзначыла, што гэты фестываль пранізаны дабрынёй і цяплом сэрцаў яго ўдзельнікаў і арганізатараў. Сёлетні 5-гадовы юбілей сведчыць аб тым, што гэтае свята вельмі неабходнае як людзям з абмежаванымі магчымасцямі, так і тым, хто з імі займаецца і працуе. “Гледзячы на тое, якім шчасцем свецяцца вочы рабят, магу пажадаць толькі аднаго — каб гэты фестываль радаваў усіх нас яшчэ не адзін дзесятак гадоў, — сказала Марыя Сямёнаўна. — Сімвалічна, што год пачынаецца з такога цудоўнага і светлага мерапрыемства. Жадаю вам, каб станоўчыя эмоцыі і пазітыўны настрой, падораныя ўдзельнікамі фестывалю, не пакідалі вас на працягу ўсяго года”.
Затым быў дадзены старт конкурсна-забаўляльнай праграме. Першым этапам конкурсу стала “Калядная казка”, дзе кожная з каманд павінна была паказаць і расказаць казачную гісторыі на сучасны лад. Па выніках праведзенай жараб’ёўкі першай на сцэну выйшла каманда кіраўчан “Пакаленне NEXT”, якая прадставіла на суд журы і гледачоў новае бачанне казкі “Снежная каралева”. Рабяты з каманды “Асіпаўчаты” прывезлі з сабой рагатую Казу, якая з’яўляецца сімвалам калядных дзён, і разам з ёй танцавалі, спявалі і ўсіх са святам віншавалі. Каманда Першамайскага раёна г.Бабруйска “Ёлкі” расказала і паказала гісторыю пра прыгоды Снягуркі, якую зляпілі са снегу дзед з бабай. Пра дзяўчынку, якая саму сябе запакавала ў якасці падарунка, расказалі гледачам глускія “Аптымісты”. Бабруйчане з каманды “Ліманад” прадэманстравалі цудоўную гісторыю аб нараджэнні Іісуса і прывезлі на свята прыгожую Калядную зорку. Вясёлымі прыгодамі снегавічкоў, песнямі і заўзятымі танцамі парадавалі ўдзельнікаў фестывалю “Круглянскія снегавічкі”. Неардынарнай задумкай і цудоўным лялечным прадстаўленнем вылучаўся нумар клічаўскай каманды “Ольса”.
Своеасаблівай ізюмінкай фестывалю стаў “Калядны каравай” — удзельнікі конкурсу па-сапраўднаму здзівілі сваімі кулінарнымі шэдэўрамі. Тут былі торт з зефіру і пернікавы домік, крэмавая прыгажуня-ёлка, пірог шчасця, каравай дастатку і іншыя салодкасці.
Вясёлым і запамінальным атрымаўся конкурс “Калядная песня”. Разам з камандамі, якія выступалі на сцэне, спявала і танцавала ўся зала. Рабяты вадзілі карагоды і вясёлым паравозікам, трымаючыся адзін за аднаго, рухаліся па пакоі.
Апошнім конкурсным этапам фестывалю стала “Калядная кампазіцыя”. Каманды прадстаўлялі на суд журы вырабы, якія яны зрабілі сваімі рукамі. Каго і чаго тут толькі ні было: Дзяды Марозы і Снягуркі, навагоднія ёлкі, сімвалы бягучага года — козачкі і авечкі, ёлачныя цацкі і многае іншае. Усе кампазіцыі вызначаліся прыгажосцю, неардынарнасцю, цікавай аўтарскай задумкай і вялікай колькасцю падручных матэрыялаў, выкарыстаных для іх вырабу.
Кожнае выступленне гледачы сустракалі бурнымі апладысментамі. У зале панавала атмасфера цеплыні і сяброўства.
Цёплыя словы пажаданняў у адрас прысутных выказаў член журы, інструктар па пытаннях сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў па зроку Магілёўскай абласной арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” Генадзь Лаўрыненка. Ён адзначыў, што гэты фестываль з’яўляецца яркім сведчаннем таго, што дзякуючы сумесным намаганням сацыяльных работнікаў і саміх рабят можна дасягнуць такіх вы-нікаў. “Нягледзячы на тое, што магчымасці ў гэтых лю-дзей абмежаваныя, у іх неабмежаваныя здольнасці і таленты, якія дапамагае раскрыць гэтае мерапрыемства, — сказаў Генадзь Лаўрыненка. — Цудоўна, што рабяты не застаюцца сам насам са сваёй бядой, што ёсць у іх жыцці неабыякавыя людзі, гатовыя падтрымаць, падарыць веру ў сябе і свае магчымасці, гэта — сацыяльныя работнікі. Дзякуй гаспадарам фестывалю за такое незабыўнае і кранаючае за душу свята”.
Пакуль журы фестывалю вызначала пераможцаў, у госці да рабят, каб яны не засумавалі, завіталі дзве дзяўчынкі — Весялінка і Смяшынка. Разам з юнакамі і дзяўчатамі яны спявалі, вадзілі карагоды, гулялі ў розныя гульні і віншавалі адзін аднаго з каляднымі святамі.
Па выніках конкурсна-забаўляльнай праграмы кожная з каманд атрымала дыпломы і прызы фестывалю: кіраўчане сталі лепшымі ў намінацыі “Калядная песня”, прадстаўнікі ЦСАН Першамайскага раёна атрымалі званне “Самыя пазітыўныя”, Ленінскага раёна — “Самыя крэатыўныя”, Круглянскага — “Самыя артыстычныя”, каманда ЦСАН Асіповіцкага раёна стала лепшай у намінацыі “Калядныя цуды”, званне “Казачны кандытар” атрымала каманда Глускага раёна, “Калядныя ўмельцы” — Клічаўскага.
Спецыяльнымі заахвочвальнымі прызамі былі ўзнагароджаны: кіраўчанін Вадзім Васільеў, Сяргей Кротаў з Круглага, Ліяна Крупіневіч і Юлія Калашнікава з Асіповіч.
Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас спонсараў калядных сустрэч: раённых арганізацый грамадскіх аб’- яднанняў “Беларускі фонд міру” і “Белая Русь”, аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк”, Магілёў-скай абласной арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”, Жыліцкага сельгаскаледжа, СВК “Рассвет” імя К.П.Арлоўскага, “Калгас “Ніва”, “Калгас “Беларусь”, ПМК-255, індывідуальных прадпрымальнікаў Вольгі Іваніцкай, Васіля Бацяна, Галіны Зайцавай і Людмілы Павечароўскай.
Ну, а які ж дзень нараджэння без падарункаў? Дырэктар ЦБП №709 г.Кіраўска філіяла №703 ААТ “Беларусбанк” Алена Лявіцкая ў гонар 5-годдзя фестывалю “Калядныя сустрэчы сяброў” уручыла Кіраўскаму РЦСАН каляровы прынтар.
Пад гучныя апладысменты дырэктар РЦСАН Вольга Мержый вынесла ў залу вялізны торт з пяццю свечкамі, якія дружна задзьмулі члены журы конкурсу, пасля таго, як кожны ўдзельнік фестывалю загадаў сваё самае патаемнае жаданне.
Аднак на гэтым свята не скончылася. Рабят чакаў салодкі стол і запальная дыскатэка.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота аўтара
і Дзмітрыя
ЕМЯЛЬЯНАВА.