Умець выслухаць і дапамагчы
5 студзеня сваё прафесійнае свята адзначылі работнікі органаў сацыяльнай абароны. Сёлета яно было адметным: споўнілася 95 гадоў з дня ўтварэння сістэмы працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь. З гэтай нагоды ў зале пасяджэнняў райвыканкама адбыўся ўрачысты сход.
З віншавальнымі словамі да прысутных сацыяльных работнікаў звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Галіна Слабоднікава. “Гатоўнасць ў любы час прыйсці на дапамогу грамадзянам, якія аказаліся ў складаных жыццёвых абставінах, акружыць іх клопатам і увагай, падарыць хвілінкі шчасця і радасці — вось галоўныя складаемыя вашай прафесіі, — адзначыла Галіна Паўлаўна. Кожны дзень вы гатовыя не толькі суперажываць чужому гору, але і дапамагаць канкрэтнымі справамі, дзеяннямі і ўчынкамі. Менавіта міласэрнасць і суперажыванне — галоўныя прафесійныя якасці сацыяльных работнікаў”.
Было адзначана, што па некаторых накірунках работы раённая сацыяльная служба з’яўляецца лепшай у вобласці, а шэраг яе прадстаўнікоў — лепшымі ў рэспубліцы.
Падчас ўрачыстага сходу з нагоды прафесійнага свята Ганаровай граматай камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Магілёўскага аблвыканкама за актыўную і плённую працу ў вобласці сацыяльнай абароны насельніцтва была ўзнагароджана Ірына Дзятлава, спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення пярвічнага прыёму інфармацыі, аналізу і прагназавання.
За шматгадовую добрасумленную працу, узорнае выкананне сваіх службовых абавязкаў каштоўнымі падарункамі райвыканкама былі адзначаны галоўны спецыяліст аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Раіса Давыдовіч і сацыяльны работнік аддзялення сацыяльнага абслугоўвання на даму РЦСАН Ірына Галомзік.
Шмат цёплых і ўдзячных слоў прагучала ў адрас ветэранаў сістэмы сацыяльнай абароны, а таксама тых, хто і сёння працягвае самааддана працаваць і ў любы момант гатовы прыйсці на дапамогу тым, хто мае ў гэтым патрэбу.
Людміла СЯМЁНАВА.
Фота
Максіма МІКЕШЫНА.