Вынікі года: дасягненні і перспектывы

Урачысты сход, прысвечаны падвядзенню вынікаў працы за мінулы год, прайшоў у ААТ «Кіраўскае райаграпрамтэхзабеспячэнне». Мерапрыемства адкрылася зваротам першага намесніка начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Антаніны Смятаны. Яна падкрэсліла важнасць дасягнутых калектывам вынікаў і адзначыла рост па ўсіх паказчыках адносна ўзроўню 2023 года. Антаніна Сяргееўна выказала ўпэўненасць у далейшым развіцці прадпрыемства і акцэнтавала ўвагу на высокім кадравым патэнцыяле арганізацыі.
За ўклад у агульную справу Падзякай райвыканкама была адзначана Вольга Баранчук – аператар машыннага даення, галоўнаму бухгалтару Святлане Мацвеенка аб’яўлена Падзяка раённага Савета дэпутатаў. Граматы ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама атрымалі трактарыст-машыніст Уладзімір Комар, аператар машыннага даення Валянціна Русанава і галоўны аграном Уладзімір Дарафей.
Дырэктар сельгаставарыства Лявонцій Кушавараў расказаў, што ў выніку дзейнасці за 2024 год усе структурныя падраздзяленні гаспадаркі спрацавалі без страт.
Выручка ад рамонту і тэхнічнага абслугоўвання энерганасычанай сельскагаспадарчай тэхнікі склала 195 тыс. рублёў, што амаль у паўтара раза перавышае аналагічны леташні паказчык. Сумарны аб’ём паслуг па перавозцы грузаў, а таксама механізаванага атрада дасягнуў 531 тыс. рублёў, паказаўшы рост 120,9%.
Будаўнічая брыгада выканала вялікі аб’ём работ па рамонце жывёлагадоўчых памяшканняў, бягучых рамонтаў малочнатаварных ферм і зернесушыльных комплексаў, а таксама нарыхтоўцы дроў для ацяплення вытворчых памяшканняў.
Валавая прадукцыя павялічылася (107,7%), выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг склала 18 млн 70 тыс. рублёў, дзе 94% прыпадае на прадукцыю сельскагаспадарчай вытворчасці.
Хлебаробы таварыства паспяхова справіліся з уборачнай кампаніяй: хлеб быў убраны ў належны тэрмін і без страт. Адзначаны рост ураджаю буракоў і масланасення рапсу. Важна адзначыць, што работнікі гаспадаркі актыўна дапамагалі ва ўборцы ўраджаю і нарыхтоўцы кармоў іншым арганізацыям раёна і вобласці.
На адну ўмоўную галаву жывёлы было нарыхтавана 33,4 ц кармавых адзінак, што з’яўляецца адным з найлепшых паказчыкаў у раёне. Гэта дало магчымасць поўнасцю забяспечыць кармамі буйную рагатую жывёлу ў зімова-стойлавы перыяд.
Жывёлагадоўчая галіна застаецца асноўнай крыніцай даходу прадпрыемства. У гаспадарцы налічваецца 4176 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 1293 – дойны статак. Вытворчасць малака склала 8092 т, сярэдні надой на карову дасягнуў 6829 кг. Рост вытворчасці малака (на 843 т) абумоўлены ў ліку іншага ўвядзеннем у эксплуатацыю новага малочнатаварнага комплексу на 600 галоў дойнага статка, які ўжо ў мінулым годзе даў
568 т малака.
Вытворчасць мяса склала 590 т, сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе жывёлы 519 г. Дасягненні ў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі сталі магчымымі дзякуючы адказнай працы і адданасці справе працаўнікоў.
Лявонцій Кушавараў падзякаваў усім за плённую працу, мэтанакіраванасць, дзякуючы якім прадпрыемства нарошчвае аб’ёмы вытворчасці і займае лідзіруючыя пазіцыі сярод гаспадарак раёна.
Шэраг работнікаў былі ўзнагароджаны граматамі і падзячнымі лістамі таварыства, што падкрэсліла прызнанне іх заслуг перад калектывам і грамадствам.
Старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Віктар Ставер, звяртаючыся да працаўнікоў, адзначыў, што сваёй штодзённай працай яны ўносяць важкі ўклад у скарбонку дасягненняў усяго раёна.
Падзяка раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК аб’яўлена аператару машыннага даення Жанне Салановіч і вадзіцелю Аляксандру Костку.
Яўгенія БЯЛЬКО.
Фота аўтара.