З любоўю і павагай да зямлі
Вопыту работы ў сельскай гаспадарцы Лявонцію Кушавараву не займаць. Яго працоўны стаж у галіне налічвае 32 гады, 14 з якіх – у калектыве райаграпрамтэхзабеспячэння. Прайшоў тут шлях ад брыгадзіра паляводчай брыгады, кіраўніка вытворчага участка, намесніка дырэктара да дырэктара. Ведае ўсе працэсы сельгасвытворчасці знутры, а наогул, з нялёгкай сялянскай працай знаёмы з дзяцінства.
На пасадзе дырэктара акцыянернага таварыства Лявонцій Кушавараў з 2019 года. За гэты тэрмін ён выпрацаваў сваю формулу поспеху. Упэўнены, што сучасны кіраўнік сельгасарганізацыі павінен мець высокі ўзровень эканамічнай падрыхтоўкі, быць справядлівым і спагадлівым, добрасумленным і адказным за выкананне службовых абавязкаў. Асноўнае ж – падабраць каманду аднадумцаў – людзей, якія ўмеюць і жадаюць працаваць, любяць, паважаюць і шануюць зямлю-карміцельку.
Пад кіраўніцтвам Лявонція Кушаварава шматгаліновае прадпрыемства ўваходзіць у лік лідараў у раёне па вытворчасці сельгаспрадукцыі. У арганізацыі шмат робіцца для паляпшэння выкарыстання зямель, удасканальвання структуры пасяўных плошчаў, паляпшэння эфектыўнасці культуры земляробства. Асабліва ўвага надаецца развіццю жывёлагадоўлі. За перыяд кіраўніцтва Лявонція Ціханавіча ў экспулатацыю ўведзены два жывёлагадоўчыя памяшканні арачнага тыпу. Сёлета завершана будаўніцтва малочнатаварнага комплексу на 600 галоў дойнага статка ў Пацавай Слабадзе.
На думку Лявонція Кушаварава, для таго, каб працоўны калектыў ішоў за кіраўніком, як гаворыцца, і ў агонь, і ў ваду, трэба стаць сярод іх сваім. Заваёўваць аўтарытэт і павагу сярод работнікаў працоўнага калектыву, кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацый трэба неабыякавым стаўленнем да агульнай справы, якую робяць працаўнікі сельгасгаліны, – забяспечваюць харчовую бяспеку і экспартны патэнцыял краіны.
Лявонцій Ціханавіч займае актыўную грамадскую пазіцыю. З’яўляецца дэпутатам Кіраўскага раённага, Любоніцкага сельскага Саветаў дэпутатаў.
Яўгенія БЯЛЬКО.