“Жыві і квітней, адзіная Беларусь!” – раённы аўтапрабег да Дня народнага адзінства адбыўся на Кіраўшчыне
Сёння на Кіраўшчыне ў межах святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню народнага адзінства, адбыўся раённы аўтапрабег “Жыві і квітней, адзіная Беларусь!” па маршруце Кіраўск – Боркі – Кіраўск.
Менавіта такі маршрут быў абраны невыпадкова: Боркі – вёска, дзе ў часіны Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкія захопнікі ўчынілі жудасны акт генацыду беларускага народа, у выніку якога загінула больш за 2000 мірных жыхароў – нашых суайчыннікаў, нашых землякоў… Маштабна рэканструяваны мемарыяльны комплекс “Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці”, урачыстае адкрыццё якога адбылося ў чэрвені мінулага года з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі, з’яўляецца месцам, дзе мы аддаём даніну памяці ахвярам фашызму і героям, заваяваўшым Вялікую Перамогу. Менавіта на гэтай памяці, гісторыі і традыцыях трымаецца падмурак нашай суверэннай, незалежнай і квітнеючай Беларусі.
Аўтапрабег стартаваў у 15.00 на плошчы імя Кірава райцэнтра. Сярод яго ўдзельнікаў былі прадстаўнікі раённай улады, арганізацый і ўстаноў, раённых структур грамадскіх аб’яднанняў, моладзь.
Калона аўтамабіляў, упрыгожаная Дзяржаўнымі флагамі Рэспублікі Беларусь, сімволікай грамадскіх аб’яднанняў “БРСМ”, “Белая Русь”, “Беларускі фонд міру”, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, праехаўшы па трасе Магілёў – Бабруйск, прыбыла на мемарыяльны комплекс. Кіраўчане ўшанавалі памяць загінуўшых вяскоўцаў, воінаў, паўшых у баях за свабоду роднай зямлі, усклалі кветкі да брацкай магілы, пліт Сцяны памяці, скульптурнай кампазіцыі “Беларусь – журботная маці”. У капліцы ў гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших” запалілі памінальныя свечкі.
Сёння мы жывем у краіне, у якой пануюць мір і спакой, што з’яўляецца адным з галоўных дасягненняў беларусаў, таму важна быць адзінымі і згуртаванымі, каб зберагчы ўсё гэта.
Подписывайтесь на нас в социальных сетях: «Одноклассники» и «Одноклассники» (группа), «ВКонтакте», «Фейсбук», «Instagram», «Telegram», «Яндекс Дзен».