Інфармацыйная бяспека:як не стаць ахвярай дэзінфармацыі
Кіраўскі раён наведаў намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Хаменка. Ён сустрэўся з калектывам ДРБУ №197.
У рамках Адзінага дня інфармавання з працоўным калектывам філіяла КУП “Магілёўаблдарбуд” ДРБУ №197 сустрэўся намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Хаменка. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава і намеснік генеральнага дырэктара па ідэалагічнай рабоце КУП “Магілёўаблдарбуд” Сяргей Феактыстаў.
Тэмай сустрэчы стала інфармацыйная гігіена і пытанні, як не стаць ахвярай дэзінфармацыі. Было адзначана, што ў Беларусі ў 2014 годзе, напрыклад, інтэрнэтам карысталіся 5,7 млн чалавек, а ў 2024 – 8,5 млн або 90% насельніцтва. Мабільнай сувяззю ахоплена 97 % жыхароў.
“Кожны дзень мы сутыкаемся з праблемай інфармацыйнай перагрузкі, на нас абрушваецца вялізная колькасць дадзеных. Часам бывае вельмі цяжка зарыентавацца і зразумець, што праўда, а што выдумка», – расказаў Сяргей Хаменка. Пры гэтым ён асабліва падкрэсліў, што пазіцыя Кіраўніка дзяржавы ў пытанні падачы інфармацыі – адкрытая: людзі павінны ведаць праўду!
У цяперашні час Беларусь уцягнута ў гібрыдную вайну, дзе зброяй выступае слова, прычым не заўсёды праўдзівае. У сацыяльных сетках фэйкі распаўсюджваюцца на 70% хутчэй за ісціну. Іх стваральнікі маюць некалькі мэтаў, у тым ліку перахоп інфапавесткі ва ўлады і афіцыйных СМІ, каб падпарадкаваць свядомасць і волю людзей.
“Калі вы чытаеце навіны ў сетцы, памятайце, што важна ўключаць крытычнае мысленне, з асцярожнасцю ставіцца да прадстаўленай інфармацыі. Трэба таксама памятаць, што за распаўсюджванне фэйкаў прадугледжана як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць”, – засяродзіў увагу Сяргей Хаменка.
Былі прыведзены дадзеныя даследавання Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, паводле якіх узровень даверу беларусаў да афіцыйных СМІ за мінулы год вырас на 5% і склаў 54%. У кожнага жыхара краіны ёсць магчымасць імгненна атрымліваць любую інфармацыю ў зручнай для сябе форме. У Беларусі працуюць 7 інфармагенцтваў, выдаюцца 915 друкаваных выданняў, трансляцыю вядуць дзясяткі тэлеканалаў, радыёвяшчанне ажыццяўляюць больш за 80 радыёпраграм. Аднымі з самых папулярных платформаў для зносін у беларусаў выступаюць сацыяльныя сеткі і месэнджары – у іх зарэгістраваны амаль дзве трэці насельніцтва.
Сяргей Хаменка параіў удзельнікам сустрэчы вучыць інфармацыйнай гігіене дзяцей і састарэлых бацькоў. Акрамя фэйкаў, у сетцы зараз вельмі распаўсюджана інтэрнэт-махлярства, ахвярамі якога становіцца шмат беларусаў рознага ўзросту. «Самі не ашуквайце і не давайце падмануць сябе. Будзьце разумнымі, памяркоўнымі, разважлівымі беларусамі. Кожны на сваім месцы», – падвынікаваў Сяргей Мікалаевіч.
Падчас сустрэчы абмеркавалі і шэраг іншых, хвалюючых жыхароў рэгіёна пытанняў. Найбольш рэзанансным стала абмеркаванне школьнай формы і падрыхтоўка дзяцей да новага навучальнага года.
Яўгенія БЯЛЬКО. Фота аўтара.